Вы тут

Да дня нараджэння Сашы Кулінковіча: неапублікаваныя фота з Пугачам ў пінжаках

Таццяна Менская / Еўрарадыё

18 траўня рок-музыку, лідару "Нейра Дзюбеля" Сашы Кулінковічу споўнілася б 47. Да гэтай даты мы знайшлі некалькі неапублікаваных фота Сашы. Вось яны — і невялікі аповед пра гэтую дзіўную кранальную фотасесію ў пінжаках з лідарам J:Mopc Уладзімірам Пугачам.

Распавядае фатограф Таццяна Менская.

Саша прыняў маё запрашэнне зняцца ў фотапраекце "Лад жыцця" адразу і нават з нецярплівасцю: "Вядома", "Падстроюся", "Зробім", "У мяне зараз дзіўны перыяд — даўно ўжо ніхто нікуды не кліча, забыўся, калі апошні раз здымаўся!" , "А ці можна ўзяць касцюм, пінжак і пяць кашуляў?" У выніку ўзяў больш!

Гэта павінен быў быць праект у праекце. Акрамя індывідуальнага фотасета, я прыдумала своеасаблівы дуэт. Блізкія па духу майстры пад шчоўканне затвора размаўляюць у фармаце "А памятаеш?..". На пытанне, з кім бы з музыкаў ён хацеў зняцца ў дуэце, Кулінковіч маментальна адрэагаваў: Валодзя Пугач, у нас з ім выдатныя стасункі!

Аказалася, Пугачу Саша адным з першых адсылаў новыя песні на праслухоўку, раіўся нават па памеры ганарара!

Саша да фотосета падрыхтаваўся грунтоўна. Да сваіх касцюмаў і кашуляў прывёз запанкі і мора гальштукаў. Ніхто не чакаў гальштукаў ад брутальнага панка! А ён не чакаў, што мы, дзяўчынкі, не здолеем гальштук завязаць! Давялося шукаць вузлы ў інтэрнэце.

Надзявае кожную рэч і тлумачыць: гэты касцюм адтуль-то, а вось кашуля з Ізраіля. Але бачна, што ён вельмі хвалюецца, занадта заціснуты.

У думках я ўжо згаджаюся на яшчэ адны здымкі, пазней. Хто ж ведаў, што нават пагаварыць пасля гэтага фотосета ў нас атрымаецца толькі месяцы праз тры... Саша вельмі хварэў.

Твар яго часам застывалў у нямым пытанні: "А што, каньяку не будзе?" Я разумею, што здабыць каньяк можна. Але ці трэба?

Але вось прыехаў Пугач, і Саша прыкметна расслабіўся і павесялеў.

Пасля здымкаў не вытрымаў, ноччу патэлефанаваў, папрасіў прабачэння, што позна, і папрасіў выслаць з дзясятак фатаграфій, яго асабістых і з Валодзем. Ну вельмі хацеў убачыць адразу! Звычайна я так не раблю, але, узяўшы з яго слова нідзе не публікаваць, пераслала некалькі фота. Радасці не было мяжы! Тэлефанаваў і на раніцу, шмат эмоцый!

Але я ж ведаю, што такое эмоцыі пасля здымкаў. Заўсёды трэба вычакаць. Пазней ён пачаў капрызіць з выбарам: тут я не свежы, тут я не малады... З раніцы мог напісаць: "О, крутая фотка ў чорным пінжаку", а вечарам ужо: "Мы гэта не выбіралі!". Творчы, ранімы, нават крыху капрызны, але ў той жа час прамалінейны і адкрыты. У жыцці абсалютна не такі, як на сцэне.

Ён вельмі перажываў, хацеў, каб фотапраект выйшаў напярэдадні прэзентацыі альбома "Першы". Праз яго тэмпературу мы нават не змаглі сустрэцца ў кавярні, каб сфармуляваць яго "Лад жыцця" і разам выбраць фота. Давялося ехаць да яго дадому.

Зрабіць фотапраект да дэдлайна мы паспелі, а вось "Дуэт" — на жаль, не... І калі я днямі спытала ў Уладзіміра Пугача, ці магу апублікаваць гэтыя здымкі, ён адказаў, што сам бы з задавальненнем паглядзеў. Тады я зразумела — час прыйшоў.

Фота, ідэя — Таццяна Менская
Стыліст праекта — Надзея Сліжэўская