Да 2020 года Мінадукацыі плануе распрацаваць 185 новых падручнікаў для школаў
299 назваў падручнікаў плануе выдаць Міністэрства адукацыі з 2016 па 2020 год. Прычым 185 з іх — гэта абсалютна новыя выданні. Пра гэта, як інфармуе БЕЛТА, паведаміў кіраўнік ведамства Міхаіл Жураўкоў.
На калегіі міністэрства ён заявіў, што конкурс на стварэнне навучальных дапаможнікаў ідзе з верасня 2015 года. Прайшло ўжо тры этапы конкурсу.
"Нашы спецыялісты ўжо скончылі працу над новымі навучальнымі праграмамі, якія змогуць забяспечыць два ўзроўні вывучэння навучальнага матэрыялу — базавы і павышаны. Ужо зацверджана канцэпцыя базавага падручніка, ажыццяўляецца карэкціроўка дзеючых і распрацоўка новых навучальных дапаможнікаў (падручнікаў) па навучальных прадметах у адпаведнасці з канцэпцыяй базавага падручніка", — паведаміў Жураўкоў.
Па словах міністра, ідзе сур'ёзная праца па павышэнні якасці нацыянальных падручнікаў. Спецыялісты ўжо распрацавалі мадэль падручніка-навігатара — гэта электронная кніга з інтэграванымі інтэрактыўнымі элементамі.