Цяжкахворы ўкраінец памёр, не дачакаўшыся беларускага грамадзянства

Цяжкахворы ўкраінец памёр, не дачакаўшыся беларускага грамадзянства

У ноч на 15 лютага ў шпіталі памёр 21-гадовы ўраджэнец Украіны Юрый Амяльчук, які чакаў беларускага грамадзянства, паведамляе "Белсат".

Хлопец з пяці гадоў жыў у Беларусі. Тут ён скончыў школу і каледж. Падчас адпрацоўкі ў лістападзе 2016 года ў яго выявілі саркому косці. На аперацыю дапамаглі сабраць грошы валанцёры. У ліпені 2018-га ў Амельчука знайшлі пухліну ў лёгкім, а пазней — дзвюхкамерную кісту, якая пачала імкліва разрастацца і душыць унутраныя органы. Кошт аперацыі на лёгкім — каля 5–6 тысяч долараў. Сабраць такія грошы сям'я не магла, а лекаваць хлопца бясплатна дактары не хацелі, бо ў яго няма беларускага грамадзянства. 

Пасля публікацыяў у СМІ справай Юрыя Амельчука занялася Адміністрацыя прэзідэнта.

Сяброўка Юрыя Аліна кажа, што ад яго хавалі інфармацыю пра чацвёртую стадыю рака лёгкіх. "Ён да апошняга думаў, што гэта кіста. У жніўні ў Бараўлянах яму далі два месяцы. Калі б ён ведаў, ён бы не сядзеў і не чакаў. Юра хацеў жыць. Ужо сабралі грошы для яго, каб паехаў у Санкт-Пецярбург да дактароў, мы былі запісаныя на кансультацыю. Але маці сказала, што ў яго вельмі дрэнны стан. Ён быў вельмі слабы. У яго не было патрэбнага харчавання. Чалавек на пюрэшках. У яго ўжо не было імунітэту. Мне падаецца, што проста ўжо не вытрывала сэрца. Ён амаль не мог дыхаць", — распавядае дзяўчына.

У Брэсцкім аддзеле па міграцыі і грамадзянстве дагэтуль не атрымалі адказ з Адміністрацыі прэзідэнта, куды пасылалі дакументы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі