Ціханоўская прапанавала стварыць ва ўніверсітэце Бельгіі стыпендыі для беларусаў

Святлана Ціханоўская ў Генцкім універсітэце

Святлана Ціханоўская ў Генцкім універсітэце / @tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Бельгію наведала Генцкі ўніверсітэт, дзе прапанавала заснаваць стыпендыі для беларусаў і арганізаваць акадэмічныя абмены. Цяпер у Генцкім універсітэце вучыцца каля 10 выхадцаў з Беларусі.

Лідарка беларускіх дэмсілаў таксама выступіла з лекцыяй перад студэнтамі і выкладчыкамі. Яна казала пра сітуацыю ў Беларусі і пра тое, як беларусы змагаюцца за свабоду. Яна заклікала слухачоў не мірыцца з несправядлівасцю і захоўваць сваю чалавечнасць. Паводле Ціханоўскай, за гэтыя тры гады яна засвоіла некалькі ўрокаў. І самы галоўны з іх — вытрымка і вернасць прынцыпам.

"Людзі часта рамантызуюць барацьбу за свабоду. Але гэта патрабуе вялікага цярпення, вялікай штодзённай працы, якая часам не такая займальная і цікавая, як можна сабе ўявіць", — адзначыла яна. У гэтых умовах вельмі важна не прывыкнуць да тыраніі і несправядлівасці.

"Гэтая апатыя — наш галоўны вораг. Таму што, калі вам будзе ўсё адно, вы зможаце выканаць любы неправамерны загад. Вось як дыктатуры знішчаюць чалавечыя душы", — сказала Ціханоўская ў сваім выступе. Каб супрацьстаяць гэтаму, трэба кожны дзень "захоўваць чалавечнасць, годнасць і веру".

Асобна Святлана Ціханоўская падзякавала прафесару Фабіяну Басеу, які падымае тэму Беларусі ў рамках курсу "Еўрапейская палітыка суседства". Адзначым, што ў Генцкім універсітэце вучыліся два нобелеўскія лаўрэаты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі