Вы тут

Ціханоўская — пра магчымае ўмяшанне Расіі ва ўнутраныя справы Беларусі

Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya

21 красавіка, напярэдадні паездкі Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, Святлана Ціханоўская выступіла з заявай.  

"Цяперашняя палітычная сітуацыя вельмі трывожная, — заяўляе Ціханоўская. — У бліжэйшы час мы можам сутыкнуцца з неабходнасцю абараняць сваю незалежнасць".

Палітык заклапочаная дзейнасцю Лукашэнкі і бачыць у ёй пагрозу для суверэнітэту.

Святлана Ціханоўская нагадвае, што "пасля выбараў 9 жніўня 2020 года Аляксандр Лукашэнка не з'яўляецца легітымным прадстаўніком беларускага народа". А таму не мае права прымаць рашэнні, "якія закранаюць нацыянальныя інтарэсы і ўплываюць на будучыню краіны".

"Я, як абраны прадстаўнік беларускага народа заяўляю, што ніякая дадатковая "абарона" з боку Расіі нам не патрэбная, — гаворыцца ў заяве палітыка. — А выдуманая змова з замахам — відавочная правакацыя, каб апраўдаць ўмяшанне Расіі ва ўнутраныя справы нашай краіны".

У той жа час, падкрэслівае Ціханоўская, беларускі народ "вельмі цёпла і па-добрасуседску ставіцца да Расіі". Яна прапануе "пакінуць дачыненні нашых народаў менавіта такімі".

Па словах Святланы Ціханоўскай, "любое рашэнне, якое закранае нацыянальныя інтарэсы, не можа быць прынята і тым больш здзейснена без волі беларускага народа". "Беларускі народ вымушаны змагацца за сваю свабоду, мы ўжо даказалі, што ўмеем за сябе пастаяць, — цытуе словы заявы прэс-служба Ціханоўскай. — І мы, беларусы, не адмовімся ад суверэнітэту і незалежнасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.