Ці прыйдзе канец Шэнгенскаму пагадненню

Ці прыйдзе канец Шэнгенскаму пагадненню

Шэнгенскае пагадненне здзейсніла мару аб еўрапейскай інтэграцыі, скасаваўшы межы і візы. Аднак, як і іншыя запаветныя ідэалы еўрапейскага адзінства, гэтая мара стала расці як на дражджах і зрабілася некіруемай, піша аналітык Дэвід Чартар на старонках брытанскай "Times".

Як і адзіная еўрапейская валюта еўра, якая аб’яднала 19 дзяржаў з рознымі фінансавымі прыярытэтамі, Шэнгенская зона, куды ўвайшлі 26 краін, апынулася ў крызісе з-за ўласных амбіцый.

Слабым месцам гэтай сістэмы апынулася Грэцыя. Яна цягам многіх гадоў з цяжкасцю кантралявала ўсходнія межы Еўропы. Да сёлетняга наплыву мігрантаў, заклікі гэтай краіны аказаць ёй дапамогу ў большасці ігнараваліся.

Меры, дзякуючы якім Шэнгенскае пагадненне можа застацца жыццяздольным, ужо існуюць, адзначае аўтар артыкула. Ёсць камп’ютарная база дадзеных асоб, абвешчаных у Еўропе ў вышук. Ёсць таксама агенцтва Frontex, якое павінна займацца патруляваннем знешніх межаў краін, якія ўваходзяць у Шэнгенскую зону.

І база дадзеных, і "Фронтэкс" не маюць дастаткова рэсурсаў і не выкарыстоўваюцца на поўную. Вінаватыя ў гэтым, відаць, асобныя дзяржавы і ведамствы, якія не могуць здзейсніць належны кантроль над тымі, хто трапляе ў ЕС.

Цяперашні наплыў уцекачоў толькі пацвердзіў, што гэтая зона стала кашмарам ў пытанні бяспекі. Пра што, дарэчы, даўно ведалі ў сталіцах Еўрасаюза і асабліва ў Лондане, які не стаў далучыцца да Шэнгенскага пагаднення ў 1985 годзе.

Цудоўную мару аб агульнай Еўропе разбураюць тэрарысты і іншыя злачынцы, якія занадта паспяхова выкарыстоўваюць яе слабасці на сваю карысць.

Таму жаданне Францыі кантраляваць уласныя межы цалкам зразумелае. Парыж заклікаў да больш дбайнага кантролю асобаў, якія прыязджаюць у Францыяю, яшчэ пасля тэрарыстычнай атакі на Charlie Hebdo.

Але пакуль замест канкрэтных мер краіны ЕС вядуць дэбаты, а нацыянальныя агенцтвы па-ранейшаму занадта павольна абменьваюцца інфармацыяй, якая б зрабіла меры бяспекі больш эфектыўнымі.

Разам з тым, Шэнгенскае пагадненне прынесла шмат добрых момантаў. Не трэба забываць, як выйгралі ад яго турызм і гандаль. Свабода перамяшчэння з’яўляецца адной з перавагаў жыцця ў Еўропе, тэрарысты ж хочуць знішчыць гэтую свабоду. Лепшым адказам будзе ўзмоцненая ахова знешніх межаў і пільнасць ўнутры зоны, мяркуе Дэвід Чартар.

Напрыканцы свайго артыкула аналітык прыводзіць словы філосафа Карла Попера: “Бязмежная талерантнасць прывядзе да таго, што памяркоўны будзе знішчаны сваім антыподам. Каб абараніць адкрытае грамадства, сцвярджае ён, патрэбныя бар’еры і нагляд”.

Фота: investmir.biz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі