Ці працуе закон “Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб” у Магілёве?

У выніку высветлілася, што ў шэрагу выпадкаў парушаюцца тэрміны адказаў на звароты, адказы ігнаруюцца, а на беларускамоўныя звароты адказваюць па-руску.
 
Пра факты карупцыі ў камунальным жыллёва-эксплуатацыйным прадпрыемстве актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Мікалай Залозны з адпаведнымі доказамі пісаў у сваёй скарзе ў Пракуратуру, КДБ і КДК, аднак там ён застаўся непачутым. Апошні зварот сацыял-дэмакрат перадаў памочніку прэзідэнта па Магілёўскай вобласці пад час асабістага прыёму.  
 
"На мой зварот з нагоды фактаў карупцыі галоўны інспектар вобласці і памочнік прэзідэнта на Магілёўшчыне Генадзь Лаўрынкоў даваў адказ цэлых дзевяць месяцаў. Гэта вянец усёй бюракратыі і цягамотнікаў у Магілёве. Дзевяць месяцаў не даваў адказ! Я напісаў зараз скаргу ў дзяржкантроль у якім акрэсліў гэты факт. Мне далі адказ, што на працягу месяца дадзім адказ". 
 
Грамадскі актывіст Аляксей Паўлоўскі вядомы тым, што пад актуальнымі для грамадзян праблемамі можа сабраць тысячы подпісаў. Яны часта дапамагаюць зварушыць вырашэнне праблем з роўнага месца. Як правіла, усе калектыўныя звароты высылаюцца адразу ў некалькі інстанцый. Адказы прыходзяць, аднак некаторыя народныя абраннікі не лічаць патрэбным рэагаваць, калі атрымліваюць копіі подпісаў, а не іх арыгіналы. 
 
"Я ў свой час адпраўляў калектыўны зварот да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь Эдуарда Сянкевіча. Ён даў адпіску, што яму трэба выслаць арыгіналы подпісаў, а на копію звароту ён адказваць не будзе. Лічу, што ён груба парушыў заканадаўства і яго за гэта трэба прыцягваць да адказнасці".
 
Звольненаму з Арматурнага завода зваршчыку і грамадскаму актывісту Валадару Цурпанаву на беларускамоўныя звароты вырашылі не адказваць, бо пісаныя яны былі не агульнапрынятым правапісам, а “тарашкевіцай”.
 
"На мае 13 зваротаў у райвыканкам з просьбай прыцягнуць майго наймальніка да адказнасці за тое, што яго адказы былі на рускай мове, мне спачатку прыходзілі адказы, што яны распачалі пэўную дзейнасць, аднак затым мне паведамілі, што на зварот наймальніка да спецыялістаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова ён атрымаў заключэнне экспертнай камісіі, паводле якой я мушу прытрымлівацца правілаў, якія датычныя галіны справаводства ў пытанні афармлення дакументаў. Што тычыцца “наркамаўкі” ці “тарашкевіцы” —– гэта толькі правапіс мовы. Беларуская ж мова адна".
 
Тым не менш, пакуль чыноўнікі думалі, як “адмазаць” дырэктара прадпрыемства за парушэнне закона аб звароце грамадзян, яго ўсё ж прыйшлося пакараць штрафам, аднак, за рэцыдыў парушэння яго ўжо ніхто не караў. Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што ў законе “Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб” ёсць шмат хібаў:
 
"Закон аб звароце грамадзян працуе не на поўную моц. Няма дастаткова надзейных механізмаў, альбо іх зусім няма, каб прымусіць чыноўнікаў выконваць гэты закон. Каб закон сапраўды запрацаваў, патрэбна, каб увесь ланцужок прававых актаў быў увязаны паміж сабой. Каб закон канкрэтна і недвухсэнсоўна апісваў пазіцыі і каб прадугледжвалася адказнасць за яго парушэнне ў службовых інструкцыях, палажэннях міністэрстваў і іншых дзяржаўных органаў".
 
Варта дадаць, што супрацоўнікі розных дзяржаўных установаў працягваюць хітрыць і пры высылцы адказаў поштай. Напрыклад, магілёўскаму журналісту Алесю Буракову лісты з пракуратуры і суда так і не дайшлі, бо былі нібыта высланыя звычайнай, а не заказной карэспандэнцыяй. Тым часам позвы ў суд і апавяшчэнні даходзяць без праблем.
 
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі