Вы тут

Ці можна прыйсці на Еўрагульні з БЧБ-сцягам? Адказ дырэкцыі

Скрыншот з тэлетрансляцыі "Беларусь 5" / tvr.by

У спіс прадметаў, якія забаронена праносіць на спартовыя мерапрыемствы падчас II Еўрапейскіх гульняў у Мінску, трапілі “сцягі, не зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку”. Гэта цмяная фармулёўка пакідае больш пытанняў, чым адказаў. Ці зарэгістраваны, напрыклад, у Беларусі “ва ўстаноўленым парадку” сцяг Андоры, якая ўдзельнічае ў Еўрагульнях і ў якой, безумоўна, знойдзецца шмат заўзятараў? І што будзе з гледачамі, якія прыйдуць на трыбуны з гістарычным беларускім бел-чырвона-белым сцягам: прапусцяць ці як звычайна?

У прэс-службе дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў Еўрарадыё не пад запіс распавялі, што прыходзіць на спаборніцтвы з БЧБ-сцягам можна. Аднак у афіцыйным каментарыі начальнік упраўлення па камунікацыях і сувязях з грамадскасцю Аляксей Багдановіч не пацвердзіў гэта.

"У Беларусі ёсць зарэгістраваная сімволіка ў рамках Еўрапейскіх гульняў, і выкарыстоўвацца можа толькі яна. Калі вісіць дзяржаўны сцяг Беларусі, то які яшчэ можа быць? У нас ёсць дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Я не ўпэўнены, што можна будзе прыйсці [з БЧБ]. Пытанне, вядома, добрае. У нас ёсць падкамітэт па бяспецы, які прымае рашэнні датычна сімволікі і атрыбутыкі, якую можна праносіць. Уласна, я думаю, што яны гэтае пытанне прапрацоўвалі і калі нашаму заканадаўству гэта не супярэчыць, дык усё законна".

У беларускіх заўзятараў на стадыёнах нярэдка адбіраюць БЧБ-сцягі, а калі нехта ўсё ж пранясе іх на трыбуны, дык просяць прыбраць. Часам людзей з гістарычнымі сцягамі затрымліваюць падчас ці пасля масавых мерапрыемстваў. Праўда, фармальна судзяць іх не за сімпатыю да сцяга, які быў у Беларусі дзяржаўным у пачатку 1990-х, а за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ці за нецэнзурную лаянку.

У прэс-службе высвятляем, што для кожнай краіны-ўдзельніцы ёсць зарэгістраваная афіцыйная сімволіка, пад якой можна ўдзельнічаць у Гульнях і хварэць. Усяго зарэгістравана 50 сцягоў, нават сцяг Косава ёсць: “Хоць па дыпламатычных адносінах наша МЗС не прызнае Косава. Але калі заўзятар з Косава прыедзе са сваім сцягам, то ён трапляе на трыбуны і можа падтрымліваць сваю каманду”, — тлумачыць Аляксей Багдановіч.

З БЧБ-сцягам усё не так пэўна. Але ёсць для яго, напрыклад, такая магчымасць: на трыбуны можна будзе праносіць сімволіку зарэгістраваных палітычных партый. Гэта значыць, і сімволіку партыі БНФ: БЧБ-сцяг і герб “Пагоня”.

“Калі партыя зарэгістраваная, дык чаму не? У законе “Аб фізічнай культуры і спорце” ў артыкуле 36 усё прапісана”, — кажа начальнік прэсавай службы Еўрапейскіх гульняў. Аднак менавіта наконт БЧБ ён абяцае асобна ўдакладніць ў падкамітэце бяспекі, бо разумее важнасць пытання.

Даведка. Закон РБ Аб фізічнай культуры і спорце, артыкул 36:

У мэтах аховы грамадскага парадку і забеспячэння грамадскай бяспекі падчас правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў на тэрыторыю фізкультурна-спартыўных збудаванняў і спецыяльна абсталяваных месцаў для заўзятараў не дапускаюцца асобы:

якія маюць пры сабе сцягі, вымпелы, не зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку, а таксама эмблемы, сімвалы, плакаты, транспаранты і іншыя сродкі, змест якіх накіраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян, а таксама на прапаганду вайны ці звязаны з экстрэмісцкай дзейнасцю.