Ці можна будзе 19 снежня дабрацца з рэгіёнаў у Мінск?

Больш за 12% выбаршчыкаў за тры дні прагаласавалі датэрмінова. Верагодна, многія захацелі з’ездзіць на выхадныя дадому або проста адпачнуць за горадам. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці не ўзнікнуць праблемы з вяртаннем у Мінск у нядзелю і ці застануцца свабодныя квіткі на цягнікі і аўтобусы.

Як высветлілася, з усіх абласных цэнтраў 19 снежня можна будзе даехаць да сталіцы. Прынамсі, калі купіць квіток яшчэ сёння. У касах вакзалаў кажуць, што квіткі ёсць як на цягнікі, так і на міжгароднія аўтобусы.

З Брэста ў Мінск можна будзе дабрацца на цягніках і хуткаснай электрычцы. Месцы паўсюль пакуль ёсць, распавялі ў даведцы вакзала:

Даведка вакзала: “На гэтую нядзелю, на 14:05, калі ласка, месцаў хапае: плацкарт і купэ. На 16:40 ідзе хуткасная электрычка, ёсць звычайныя і самалётныя крэслы. У Мінск яна прыязджае ў 20:40. На цягнік у 17:40 таксама ёсць месцы, любыя”.

Таксама да сталіцы можна будзе дабрацца на аўтобусах, квіткі на якія яшчэ свабодна прадаюцца.

З Гродна цягнікі ў нядзелю ідуць ад шостай раніцы і пакуль месцы да Мінска ў іх ёсць, распавялі нам на вакзале.

Цягнікі ідуць: 6:30, 16:00, 17:20. Квіткі яшчэ ёсць”, — кажа супрацоўніца вакзала.

Каб даехаць у сталіцу з Магілёва, давядзецца падымацца рана. За дзень у Мінск едуць толькі тры цягнікі, распавялі ў даведцы вакзала:

На Мінск зранку ў 7:27, 18:00 і 23:58, больш ніякіх цягнікоў няма”.

Квіткі на ўсе тры цягнікі пакуль яшчэ не скончыліся.

Таксама ў Мінск з Магілёва можна будзе дабрацца на аўтобусе. У даведцы раяць на ўсялякі выпадак браніраваць квіток.

У нас вельмі шмат прамых рэйсаў. Квіткі яшчэ пакуль ёсць. Але квіткі лепей браць загадзя, бо калі вы прыедзеце — хто яго ведае, што там будзе. Можна забраніраваць, але браніраваныя квіткі ў нас за суткі выкупляюцца”.

З Віцебска аўтобусы на Мінск будуць ездзіць ледзь не кожную гадзіну, квіткі на ўсе рэйсы ёсць у наяўнасці.

Супрацоўніца аўтавакзала: “У 5:15 самае першае адпраўленне. Потым 6:30, 7:00, 8:30, 10:00, 12:40, 13:50, 15:10, 17:45 і 18:30 апошні рэйс. На дадзены момант квіткі на ўсе рэйсы ёсць”.

А вось у Гомелі ўжо няма квіткоў на адзін з цягнікоў, які прыедзе 19 снежня ў Мінск. Але чуткі пра тое, што на цягнікі кірункам “Гомель — Мінск” 19 снежня не будуць прадаваць білеты, засталіся чуткамі. Як дазналася Еўрарадыё ў адной з кас гомельскага чыгуначнага вакзала, білеты знаходзяцца ў свабодным гандлі і іх продаж ніхто не забараняў. 

Адзінае што — на цягнік, які выязджае з Гомеля ў 11.11 і прыбывае ў Мінск а 16-й, раскупілі амаль усе білеты, а вольнымі пакуль застаюцца толькі квіткі на цягнік, які прыбудзе ў сталіцу ў 19.19. Аднак танныя білеты і на яго пачынаюць заканчвацца.

У нядзелю не будзе праблемы даехаць да Мінска з Баранавічаў. Тут будзе шмат электрычак і міжгароднія цягнікі.

Электрычка ідзе ў 16:05, у Мінску яна ў 18:44. Перад ёй ідзе электрычка ў 15:06. На электрычкі заўжды квіткі ёсць”, — кажа супрацоўніца вакзала.

Між іншым, ужо сёння міліцыя правярала аўтобусы, якія рушылі з Гродна ў Мінск, паведаміла Еўрарадыё нашая слухачка. Супрацоўнікі міліцыі спыталі пра мэты паездкі, а таксама праверылі дакументы. 

У гродзенскай міліцыі абвяргаюць гэтыя факты. Маўляў, ДАІ магло праверыць аўтобус, але гэта толькі адзінкавы выпадак. Ніякага адмысловага загаду такога кшталту няма, паведамілі ў міліцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі