Чыноўнікі рыхтуюць абвяржэнне пра знішчаныя яўрэйскія могілкі

Мясцовыя яўрэі былі расстраляныя падчас вайны пры спробе ўцёкаў з гета. Гэта здарылася непадалёк ад вёскі Радзюкі, якая знаходзіцца ў чатырох кіламетрах ад Шаркаўшчыны. Некалькі гадоў таму мясцовая гаспадарка разарала гэта месца і там сталі пасвіць кароў. Калі ж інфармацыя пра гэта з’явілася ў незалежных сродках масавай інфармацыі, у прыватнасці, і на Еўрарадыё, гэта вельмі абурыла некаторых прадстаўнікоў мясцовай улады, і яны распачалі ціск на тых жыхароў, хто размаўляў з журналістамі.

Як распавяла мясцовая жыхарка Людміла Ардынская, яна спачатку звярталася да старшыні сельскага савета Аляксандра Цітовіча, які параіў ёй патэлефанаваць у ідэалагічны аддзел райвыканкама, нават даў тэлефон спецыяліста. Паведамлялі пра гэта і ў мясцоваю раёнку. Але рэакцыі не было, таму і звярнуліся да незележных журналістаў. І вось пасля таго, як праблема была агучаная, пачалася такая рэакцыя. Працягвае Людміла Ардынская:

“І вось гэтая загадчыца ідэалагічнага аддзела як па народнаму ў нас кажуць, пайшла ў вэбсы (пачала спрачацца – рэд. Еўрарадыё ), пачала сустракаць гэта не так, як трэба, паведамілі пра гэта старшыні сельсавета, ён раззлаваўся і даў гэтай жанчыне Ліліяне Іосіфаўне Карачун разгон па тэлефоне. Ну дык жа яны не зварухнуліся".

Ліліяна Карачун, якая нарадзілася ў 1949 годзе, пра гэты расстрэл ведае са слоў маці. Яўрэйская магіла, дзе пахаваныя некалькі дзесяткаў чалавек, была амаль што побач з іх домам. Асабліва ёй ўрэзаўся ў памяць расповед цёткі пра тое, як немцы расстралялі яўрэйку з чатырохгадовай дзяўчынкай. Працягвае Ліліяна Карачун:

"І гэтыя могілкі доўга былі тут, гэты квадрат увесь час быў, а потым трактарыст, сваіх, відаць, не было, ён быў наёмны, ён не ведаў, ён араў па прамой, і ўсё. Ну як гэта, людзі ў нас потым доўга абураліся, як гэта абаралі, чаму гэта? Ай, відаць такое стаўленне проста былі. Як гэта ніхто не ведае, ёсць у нас шмат людзей, якія пра гэта ведаюць".

Але кіраўнік аддзела ідэалогіі Людміла Стома лічыць, што спадарыня Ліліяна паказала не тое месца. Па словах кіраўніка, яна не можа пра гэта ведаць, бо нарадзілася пасля вайны. Спадарыня Стома адмаўляе таксама і прысутнасць ціску на Ліліяну Карачун. Гаворыць Людміла Стома:

"Натуральна, ніхто там не наязджаў, проста міма нас інфармацыю самастойна пусцілі, інтэрв’ю ўзялі ў жанчыны, якая нарадзілася пасля вайны. Атрымоўваецца, яна паказвала не там, у сапраўднасці там ніхто не пахаваны".

Учора, 19 лістапада, у вёску Радзюкі былі накіраваныя спецыялісты з ідэалагічнага аддзела і журналісты раённай газеты “Кліч Радзімы”. Як паведаміла на ўмовах ананімнасці адна з крыніц, блізкіх да ўлады, рыхтуецца абвяржэнне на матэрыял, што выйшаў у незалежных СМІ. Цікава, у чым правініліся шаркаўшчынскія яўрэі перад цяперашняй уладай, што нават праз сем дзесяткаў гадоў ім адмаўляюць ва ўшанаванні іх памяці.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі