Вы тут

Чые БЧБ-форма і фанацкі мерч стануць у Беларусі "экстрэмісцкімі"

Форма каманды "Рывер Плэйт" / Yandex

Генпракуратура рыхтуе пакет дакументаў (цытата) "аб прызнанні экстрэмісцкімі бел-чырвона-белага сцяга і іншай сімволікі". Такая фармулёўка, якая ўключае ў сябе "іншую сімволіку", можа трактавацца вельмі шырока. Асабліва ў святле судоў за бел-чырвона-белую пастылу і белыя штаны з чырвонай паласой, якія ўжо прайшлі ў Беларусі.

Спалучэнне белага і чырвонага сустракаецца ў афіцыйнай форме многіх вядомых спартыўных камандаў. Гейр Сундбё (Geir O. Sundbø), сябра праўлення нарвежскай Yara International — аднаго з асноўных партнёраў "Беларуськалія" — ужо выказваў апаску, звязаную з футболкай нідэрландскага "Аякса": "Калі вы хварэеце за "Аякс" (ці іншую каманду з падобнымі колерамі) і надзенеце яе футболку, калі ваша каманда гуляе на выездзе з беларускай камандай, вас арыштуюць за тое, што вы носіце яе на вуліцах Беларусі. Задумайцеся пра гэта на секунду".

Еўрарадыё вырашыла паглядзець, заўзятарам якіх яшчэ клубаў варта напружыцца праз ініцыятыўную беларускую пракуратуру — і добра думаць перш, чым на вуліцах беларускіх гарадоў надзець форму сваіх куміраў або фанацкі мерч.

"Рывер Плэйт" і велізарны БЧБ

"Генпракуратура рыхтуе пакет дакументаў аб прызнанні экстрэмісцкай арганізацыяй футбольнага клуба "Рывер Плэйт", — у сацсетках жартуюць пра здымак з вялізным бел-чырвона-белым сцягам з матча аргенцінскай каманды.

Заўзятары "Рывер Плэйт" / тэлеграм

"Атлетыка Мадрыд", "Саўтгемптан", "Арсенал"

За "іншую сімволіку" ў "экстрэмісцкіх колерах" у Беларусі таксама могуць прыняць форму футбольных клубаў "Атлетыка Мадрыд", "Саўтгемптан" і "Арсенал" (Лондан). Глядзіце самі:

Форма "Атлетыка Мадрыд" / Google
Southhampton / Google
"Арсенал" / Google

Нацыянальныя зборныя Польшчы і Турцыі па футболе

Прыцягнуць увагу беларускіх сілавікоў напэўна маглі б і майкі нацыянальных зборных па футболе Турцыі і Польшчы. Уся штука ў тым, што яны зроблены ў колерах сцягоў гэтых краін — чырвоным і белым:

Зборная Польшчы / Google
Зборная Турцыі / Google

Фанацкія шалікі

Адно з самых вядомых фота гурта The Beatles. Музыкі на ім — у шаліку расфарбоўкі ФК "Ліверпуль".

Бітлз / google

Бел-чырвона-белыя шалікі таксама носяць фанаты "Спартака", "Славія Прага", "Арсенала" і іншых футбольных клубаў.

Заўзятары "Ліверпуля" / Google
“Славія Прага” / Google
"Арсенал" / Google

Адзін з беларускіх заўзятараў "Спартака" апублікаваў сваё фота з БЧБ-сцягам у фэйсбуку — маўляў, паглядзіце, які "экстрэміст"!

Заўзятар "Спартака" / фэйсбук

БЧБ-красоўкі

Беларусы ўжо атрымлівалі штрафы і суткі за бел-чырвона-белую сукенку і за лампасы на штанах. У гэтым святле "экстрэмісцкай" беларускія сілавікі могуць палічыць і баскетбольную лінейку красовак Nike. Гэта не перабольшанне: паспрабуй дакажы, што ты купіў і надзеў гэтыя красоўкі проста так, а не для таго, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю!

Nike / Google

Супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім за два дні падпісаліся больш за 80 тысяч чалавек. Петыцыю накіруюць у Генеральную пракуратуру і Міністэрства культуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.