Чуючы 4 400 замест 3000 на валідол, бабулі крычаць: "Спекулянты!"

"Індыйскі амепразол у снежні каштаваў 70 тысяч, а цяпер — 110. Яго беларускі аналаг быў 7 тысяч, а стаў 11. Натуральна, што па беларускім лякарстве скачок не надта заўважны. Іншая справа 70 і 110 тысяч. Але кошты абодвух павысіліся на 30 %", — распавядае аптэкарка ў адной з цэнтральных аптэк Мінска.

Лекі падаражэлі і працягваюць пакрыху даражэць, — канстатуюць супрацоўнікі сталічных аптэк і кажуць, што першымі на новыя курсы адрэагавалі беларускія вытворцы медыкаментаў:

"Калі скокнуў долар, кошты на беларускія прэпараты ўзраслі хутчэй, чым на замежныя. "Імпарт" прадаваўся яшчэ па старых коштах, і іх не дазволілі ўздымаць. То бок паднялі толькі са студзеня".

У аптэцы №13 на праспекце Незалежнасці ўколы ад болю ў суставах "Мукасат Белмед" каштуюць 144 тысячы. На Ракаўскай гэтае ж лякарства — ужо за 155 тысяч! А на Мельнікайтэ... па 115.

"Гэта рынак, — кажа фармацэўт прыватнай аптэкі. — Нехта закупіў лякарства год таму. І яно можа ляжаць колам: можа і 70 тысяч каштаваць, і 100. А нехта ўчора атрымаў. І яно ўжо 155".

 А ў іншай аптэцы дадаюць:

“Раней у нас былі кошты са старой закупкі, калі долар быў па 10-11 тысяч. Адпаведна, калі ён стаў 15, кошт вырас”.

Новыя кошты на лекі, якія ўзніклі пасля валютнага скачка напрыканцы снежня, уражваюць. Напрыклад, папулярны колдрэкс у снежні можна было набыць за 88 800, цяпер — за 99 900. Знакаміты актываваны вугаль расійскай вытворчасці каштаваў 1000 рублёў, стаў на 60% даражэй — 1600. Расійскі валідол прадаваўся за 3000, цяпер за 4 400. Айчынны парацэтамол быў 2900, стаў 3900. Кошт замежнага стопдыяру з 38 800 павысіўся да 55 000. А ён жа ў суспензіі для дзяцей цяпер каштуе 92 000 у параўнанні з 61 000 у снежні.

У вытворцаў беларускіх лекаў, кампаніі "Лекфарм", Еўрарадыё кажуць, што цягам апошніх 3 месяцаў кошты на іхнія медпрэпараты не растуць:

"У нас змяніліся кошты ў раёне 10-12% усяго, але апошнія 3 месяцы, пачынаючы з 1 траўня, — травень, чэрвень, ліпень — ніводны кошт у нас не змяняўся".

Дыстрыб'ютары замежных лекаў у Беларусь, кампанія "Інтэрфармакс", звязвае падаражанне прэпаратаў выключна з курсам долара, хоць часам бывае і такое, што вытворца сам уздымае ці зніжае кошт на той ці іншы медыкамент.

Натуральна, што ў аптэках "на раёнах" новыя кошты па душы не ўсім хворым.

"Бабулі крычаць: "Спекулянты!", чуючы лічбу 4400 замест звыклых 3000 на валідол", — смяецца супрацоўніца аптэкі на Куйбышава. А вось пакупнікі лекаў у цэнтры да новых коштаў ставяцца даволі спакойна:

"Я памятаю валяр'янку яшчэ за 1500 гады тры таму. Цяпер яна 7 400. Усё змяняецца, і кошты таксама — гэта нармальна", — мяркуе Алена, якую мы сустрэлі ў адной з аптэк.

Шмат мінскіх аптэк у свой час добра "закупіліся", таму многія лекі прадаюцца яшчэ па старых, знаёмых коштах. А некаторыя прэпараты, аказваецца, цягам доўгіх гадоў могуць каштаваць аднолькава. Напрыклад, беларускі метапралол ад "Лекфарма", які дапамагае пры болях у сэрцы і кошт якога рэгулюе дзяржава. 11 600 — і сэрца ў парадку!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі