Вы тут

"Чорная каса": новы сюжэт пра "справу Белгазпрамбанка" на АНТ

Белгазпрамбанк / Еўрарадыё

На тэлеканале АНТ выйшаў новы сюжэт, прысвечаны "справе Белгазпрамбанка". Ён называецца "Чорная каса". 

Па звестках тэлеканала, следства выявіла, што ў цэнтральным офісе "Белгазпрамбанка" ў Мінску доўгі час працавала так званая "чорная каса", дзе праводзілі закрытыя аперацыі, у тым ліку па легалізацыі незаконных даходаў.

Як сцвярджаюць на АНТ, у гэтай касе мянялі валюту па спецыяльным курсе. Там абслугоўвалі кіраўніцтва банка і VIP-кліентаў. 

"Была ў нас VIP-каса. 9-я каса, дзе кіраўніцтва абслугоўвалася і VIP-кліенты. Там вялікія сумы былі", — прыводзіць тэлеканал словы Яўгеніі Яршовай, былога спецыяліста па аперацыйна-касавай працы Белгазпрамбанка. 

Юрый Мехедаў, начальнік упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сцвярджае, што ў гэтай касе знарок заніжалі абменны курс: "2 красавіка 2020 года падчас пасяджэння праўлення банка па ўказанні старшыні праўлення Віктара Бабарыкі было прынята рашэнне аб выплаце ўзнагароджання кіраўніцтву Белгазпрамбанка. Агульная сума склала каля 5 мільёнаў рублёў. У дзень пералічэння прэміі быў штучна зніжаны курс аперацый па замежнай валюце, у тым ліку і пры выкарыстанні банкаўскіх картак. У гэты перыяд часу кіруючыя работнікі банка, якія атрымалі грашовыя сродкі, набылі па заніжаным курсе валюту на суму звыш 1 мільёна долараў ЗША".

Намеснік начальніка ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Дзмітрый Дзягілеў заяўляе, што праз "чорную касу" работнікі банка мянялі "брудную" валюту на банкаўскія аблігацыі, каб легалізаваць грошы. 

У сюжэце гаворыцца, што працу "чорнай касы" каардынавалі Андрэй Грыгаровіч, які адказвае за рознічны бізнес у банку, і яго куратар — намеснік старшыні "Белгазпрамбанка" Сяргей Дабралёт. Іх задачай, маўляў, было набыць аблігацыі так, каб звесткі аб угодзе не трапілі на праверку. Бо паводле правілаў, калі сума, на якую выдадзеныя аблігацыі, перавышае 1000 базавых велічынь, у базу трэба ўводзіць пашпартныя звесткі, а інфармацыя па здзелцы ідзе ў Дэпартамент фінансавага маніторынгу. 

Па словах Дзягілева, касіры разумелі незаконнасць сваіх дзеянняў, таму не хацелі працаваць у VIP-касе. "Больш за тое, адна з касіраў неаднаразова звярталася асабіста да Бабарыкі і паведамляла яму пра незаконныя здзелкі ў "чорнай касе" банка. Сустрэўшы бяздзейнасць з яго боку, у 2019 годзе з гэтай нагоды яна звярнулася ў суд", — заявіў прадстаўнік ДФР.

Па словах Дзягілева, кіраўніцтва банка прымушала касірак драбніць сумы, каб не перавышаць 1000 базавых велічыняў за адзін раз. 

"З 2016 года пасля звальнення Дабралёта з банка маніпуляцыі з аблігацыямі выконвалі намеснік старшыні праўлення Бадзей і памочніца-рэферэнт Бабарыкі — Карагачова. З 2010 па 2019 гады па такой схеме праведзеныя махінацыі з аблігацыямі на суму больш за 20 мільёнаў долараў ЗША. Пры гэтым агульная сума набытых у дзень аблігацый магла дасягаць 800 тысяч долараў", — падкрэслівае ён.

Акрамя таго следства лічыць, што праз касу маніпулявалі з залатымі зліткамі. За валюту афармлялі іх куплю, а потым адразу прадавалі за беларускія рублі. "Усе здзелкі былі фіктыўнымі, ніхто з пакупнікоў залатыя зліткі не атрымліваў", — кажа Дзягілёў.

А таксама ў касе, маўляў, мянялі купюры па 500 і 200 еўра, якія паступова выводзяць з абарачэня на тэрыторыі Еўрасаюза. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.