Чэмпіёнкі тэставання слухаюць рок, ходзяць у кіно і на танцы

Выдатніца з Мінска Кацярына Ільяшэвіч — адна з 18 абітурыентаў, хто сёлета здаў фізіку на 100 балаў. Збіраецца паступаць у БДУІР на праграміста, а за вынік на тэставанні дзякуе настаўніку 1-га мінскага ліцэя і рэпетытару.

“Хутчэй за ўсё пайду на праграміста, але дакладна з факультэтам яшчэ не вызначылася. У мяне было правіла: нічога не вучыць за дзень перад экзаменам, бо калі паўтараеш — забіваеш галаву. Таму я проста слухаю музыку перад экзаменам, рок у асноўным”, — дзеліцца рэцэптам поспеху будучая айцішніца.

У ліцэі Кацярына перамагала ў алімпіядах па фізіцы. Да рэпетытара хадзіла раз на тыдзень, але “бывала, прагульвала”, прызнаецца дзяўчына. У вольны час любіць хадзіць па кавярнях ці ў кіно і захапляецца маляваннем.

Вікторыя Троян здала на 100 балаў грамадазнаўства пасля Слонімскага ліцэя. Хоча вывучаць замежную мову на “міжнародных адносінах” БДУ.

“Я яшчэ не ведаю вынікаў па рускай мове і англійскай, пакуль не глядзела. Часу на падрыхтоўку у мяне сыходзіла шмат, але на выхадных намагалася выйсці пагуляць. Не магу сказаць, каб тэставанне было вельмі складаным. Усе заданні не выходзілі за межы школьнай праграмы. Зранку я настроілася, намагалася сканцэнтравацца на кожным заданні”.

Да тэставання Вікторыя рыхтавалася з настаўніцай. Па-за навучаннем дзяўчына цікавіцца кнігамі, танцамі і хэнд-мэйдам, а ўлюбёным аўтарам называе Агату Крысці.

100 балаў на тэставанні па рускай мове — такі вынік у абітурыенткі са Слоніма Веранікі Валадковіч. Да экзаменаў дзяўчына рыхтавалася з рэпетытарам, а таксама на факультатывах у 1-й слонімскай гімназіі. У будучыні бачыць сябе аўдытарам ці бухгалтарам.

“Хутчэй за ўсё буду паступаць на бізнес-адміністраванне, а можа быць, на міжнародную эканоміку, дакладна пакуль не вырашыла. Заўжды падабалася працаваць з лічбамі. На тэставанні мне пашанцавала, бо якраз за дзень паўтарыла тое, у чым сумнявалася на тэставанні”.

Калі не занятая навучаннем, выдатніца гуляе ці ходзіць па кавярнях з сябрамі. Раней займалася танцамі, але цяпер часу на гэта не стае. Будучым абітурыентам яна раіць выспацца і добра адпачыць перад тэставаннем, доўга не сядзець за камп’ютарам і паўтарыць слабыя моманты перад экзаменам.

На цэнтралізаванае тэставанне сёлета зарэгістравалася 105 тысяч абітурыентаў. Гэта на 12 тысяч менш, чым летась. Беларускую мову на 100 балаў у гэтым годзе здалі 15 чалавек, рускую — 25, гісторыю Беларусі — 6, хімію — толькі 1 чалавек. Матэматыку на “выдатна” напісалі 16 чалавек.

На галоўным фота злева направа: Вераніка Валадковіч, Вікторыя Троян, Кацярына Ільяшэвіч

Кацярына Ільяшэвіч на ўручэнні залатога медаля

Вераніка Валадковіч

Вікторыя Троян

Фота - з архіву суразмоўцаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі