Чэмпіёна па бодзібілдынгу, затрыманага на "Ланцугу салідарнасці", затрымалі зноў

Затрыманага Шоту Лабжанідзэ выводзяць з залы / Facebook
Затрыманага Шоту Лабжанідзэ выводзяць з залы / Facebook

Чэмпіёна па бодзібілдынгу Шоту Лабжанідзэ, якога 19 чэрвеня затрымлівалі каля цырка, калі там праходзіў "Ланцуг салідарнасці", зноў затрымалі. Невядомыя сілавікі ў масках надзелі на яго кайданкі проста ў трэнажорнай зале.

"Прыйшлі 6 чалавек проста ў залу, дзе ён трэніраваўся, паказалі ксівы, надзелі кайданкі і павезлі на бусе, не сказаўшы куды!" — апісваюць затрыманне выпадковыя сведкі.

Крыху пазней стала вядома, што хлопца адвезлі ў ягоную кватэру на вуліцу Крапоткіна, дзе пачаўся ператрус.

Афіцыйны спікер ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч паведаміла Еўрарадыё, што мінская міліцыя не мае дачынення да затрымання Лабжанідзэ. Сябры спартоўца паведамляюць, што яго пераследуюць па артыкуле 189 Крымінальнага кодэкса "Абраза".

33-гадовы Лабжанідзэ аказаўся ў ліку выпадковых мінакоў, якіх АМАП 19 чэрвеня затрымаў, разганяючы "Ланцуг салідарнасці" з затрыманымі ўдзельнікамі прэзідэнцкіх выбараў. Спартоўца затрымалі каля будынка цырка ў Минску, а ў пратаколе было напісана, што гэта адбылося на праспекце Дзяржынскага — за 4 км ад рэальнага месца затрымання.

"Мяне проста ўзялі пад руку са словамі "занадта павольна ідзяце", — тлумачыў Шота ў судзе. — Я нічога не парушаў".

22 чэрвеня ў судзе адвакат спартоўца спрабаваў прывесці супрацоўнікаў АМАП, што сведчылі супраць яго, да супярэчнасці. Тым не менш суддзя Марыя Ярохіна пакарала Шоту Лабжанідзэ штрафам у 540 рублёў. Ён быў вызвалены ў зале суда.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі