Чавусаў: Думаю, што цяпер Мінску марна разлічваць на новыя крэдыты ад МВФ

Чавусаў: Думаю, што цяпер Мінску марна разлічваць на новыя крэдыты ад МВФ

Адмова ў дазволе святкавання Дня Волі, брутальны разгон і масавыя затрыманні тых, хто ўсё ж выйшаў адсвяткаваць чарговую гадавіну БНР ― як гэта адаб’ецца на ўзаемаадносінах з Захадам. Гэтыя ды іншыя пытанні абмяркоўваем у студыі Еўрарадыё з палітолагам Юрыем Чавусавым.

Цалкам размову з Юрыем Чавусавым можна паслухаць тут:

Лепшыя цытаты з размовы:

Па колькасці затрыманых, арыштаваных удзельнікаў акцыі, журналістаў, Дзень Волі-2017 параўнальны з Плошчай-2010. Іншая справа ― ці гатовы сёння афіцыйны Мінск наноў да поўнай ізаляцыі з Захадам і застацца сам-насам з Уладзімірам Пуціным?

Сілавікі з атачэння Лукашэнкі, якія пасля 25 сакавіка кіруюць сітуацый у краіне, разлічваюць, што сітуацыя закансервуецца па прыкладзе 2011-2012 гадоў і ўсе камунікацыі са знешнім светам ― гэта будуць камунікацыі з Расіяй, Масквой.

Палітычнае кіраўніцтва краіны мусіць разумець, што кіраваць з дапамогай штыкоў можна, але сядзець на іх нязручна. І што эканамічныя праблемы ад таго, што людзей разагналі, не вырашацца. І выбар, якім шляхам далей будуць развівацца падзеі – у руках выключна афіцыйнага кіраўніка Беларусі.

Масавыя пратэсты, якія пачаліся ў лютым, супраць дэкрэта №3, відавочна, напалохалі ўлады. І сілавікі адчулі, што можна скарыстацца момантам і вярнуць сітуацыю пад свой кантроль ― былі прадстаўленыя загадзя падрыхтаваныя напрацоўкі пра нібыта падрыхтоўку перавароту.

Цяжка існуючыя ў нас спецслужбы назваць беларускімі ― у значнай ступені яны абараняюць не беларускія нацыянальныя інтарэсы, а інтарэсы Расіі. А Расіі выгадна мець ізаляваную Беларусь, што знаходзіцца разам з ёй у кошыку рускага свету.

Думаю, мы пачуем галасы, якія заявяць, што пасля падзей 25 сакавіка правядзенне ў Мінску сесіі парламенцкай асамблеі АБСЕ немагчымае. Калі пачнуцца суды над затрыманымі, калі будуць арыштоўваць актывістаў і далей, то верагоднасць скасавання правядзення гэтай сесіі ў нас досыць вялікая.

У польскім Сейме ўжо моцна расчараваныя тымі крокамі, якія яны рабілі насустрач афіцыйнаму Мінску. Там сяброў беларускія ўлады больш не знойдуць дакладна. Расчараваныя і тыя палітыкі ў розных еўрапейскіх структурах, якія ставілі на разрадку ў дачыненнях з афіцыйным Мінскам ― іх рэпутацыя моцна падарваная і доўга яшчэ ў тым сталіцах Мінск сабе сяброў не знойдзе.

Кандыдатура Алены Купчыной пасля апошніх падзей у Беларусі не будзе нават разглядацца як вартая для абрання на нейкія пасады ў структуры АБСЕ.

Калі запрашэнне Лукашэнкі ў ЗША застанецца ў сіле, то адміністрацыя Трампа будзе выглядаць не вельмі ёмка: адна справа рабіць нейкія вусныя заявы і іншая ― прысутнічаць на адным мерапрыемстве з кіраўніком краіны, які са старонак сусветных СМІ падаецца як душыцель уласнага народа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі