Часопіс “Вожык” ператварыўся ў альманах і будзе выходзіць радзей

Часопіс “Вожык” ператварыўся ў альманах і цяпер будзе выходзіць раз на паўгода. Апошні, шосты “часопісны” нумар за гэты год пабачыў свет у чэрвені. Пасля рэдакцыя сышла ў адпачынак, пераехала ў новае памяшканне і пачала працу над першым нумарам альманаха, што выйдзе ў гэтым месяцы. Вось што распавяла “Еўрарадыё” рэдактар “Вожыка” Юлія Зарэцкая: Юлія Зарэцкая: “Ён будзе ў фармаце альманаха. Сатыра і гумар – тое, што было – тое і засталося. Змяніўся фармат – аб’ём там будзе 96 старонак. Выходзіць будзе раз на паўгода. Наклад – каля 2000 асобнікаў”.

Такім чынам, “Вожык” будзе прыходзіць да чытачоў у тры разы радзей, але патаўсцеўшым. Юлія Зарэцкая кажа, што цяпер у ім можна будзе друкаваць буйнейшыя творы. Мастацкае аздабленне часопіса застанецца на ранейшым узроўні.

Пытанне аб прычынах, з якіх быў рэфармаваны адзін з самых старых часопісаў Беларусі (“Вожык” выходзіць з 1941 г., а з 1945 – пад сваёй цяперашняй назвай) рэдактарка альманаха параіла пераадрасаваць да заснавальнікаў “Вожыка” – Міністэрства інфармацыі.

Ілюстрацыя: карыкатура з часопіса "Вожык".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі