Чарговая атака расійскіх дронаў і ў Белгарадзе згубілі бомбу —422-я раніца вайны

Месца выбуху авіябомбы ў Белгарадзе / @vvgladkov
Месца выбуху авіябомбы ў Белгарадзе / @vvgladkov

Гэтай ноччу паветраная трывога гучала ў многіх рэгіёнах Украіны. У Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі папярэджвалі аб магчымай атацы дронамі-камікадзэ. Пазней у Генштабе УСУ пацвердзілі, што атака была.

"Сёння ноччу вораг ужыў каля 10 БПЛА тыпу "Шахед-136" (інфармацыя ўдакладняецца), 8 з якіх — знішчаныя нашымі абаронцамі", — гаворыцца ў ранішняй зводцы ўкраінскага Генштаба. Мінулай ноччу (з серады на чацвер), нагадаем, расіяне атакавалі беспілотнікамі паўднёвы ўсход Украіны. 10 з 11 расійскіх дронаў тады таксама былі знішчаныя.

Стала вядомая прычына ўчорашняга выбуху ў Белгарадзе. Нагадаем, выбух прагрымеў напярэдадні вечарам, пасярод вуліцы ўтварылася вялізная варонка. Аказалася, на Белгарад звалілася авіябомба, якую страціў расійскі бамбавік. Як паведамілі ў Мінабароны РФ, "няштатны сход авіяцыйнага боепрыпасу адбыўся пры палёце самалёта Су-34 Паветрана-касмічных сіл РФ над Белгарадам". Там таксама заявілі, што "у выніку інцыдэнту маюцца пашкоджанні жылых будынкаў, але ахвяр няма".

Па словах губернатара вобласці Вячаслава Гладкова, два чалавекі ўсё ж такі пацярпелі. У адной жанчыны — чэрапна-мазгавая траўма. У стане сярэдняй ступені цяжкасці яе забралі ў бальніцу. Другая жанчына ад шпіталізацыі адмовілася. Плюс ёсць разбурэнні ў чатырох кватэрах, іх жыхароў размясцілі ў гасцініцы.

"Па будынку будзе праведзена экспертыза, калі пашкоджана апорная сцяна будзем адсяляць увесь пад'езд. Таксама пашкоджаныя 4 аўтамабілі", — распавёў Гладкоў. Пазней ён удакладніў, што пацярпелых трое. Акрамя таго, улады горада вырашылі "перастрахавацца" і цалкам адсяліць трохпад'ездны пяціпавярховы дом побач з месцам выбуху.

Очередная атака российских дронов и в Белгороде уронили бомбу — 422-е утро войны
Людзей з пяціэтажкі побач з месцам выбуху адсялілі / @vvgladkov

На фронце расіяне працягваюць наступальныя дзеянні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. За мінулыя суткі сілы абароны Украіны адбілі тут больш за 60 нападаў праціўніка, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Самыя жорсткія баі ідуць за Бахмут.

Штурмавыя аперацыі расіяне вядуць і ў ваколіцах Бахмута, а менавіта ў раёне Хромава. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW). Экспэрты адзначаюць, што рэгулярныя расійскія войскі спрабуюць прасунуцца да сяла Ступачкі за 14 км на паўднёвы захад ад Бахмута. А "вагнераўцы" ў гэты час працягваюць атакі з цэнтральнай, паўднёвай і паўночнай частак Бахмута. У прыватнасці, найміты "Вагнера" спрабавалі прасунуцца да званай "трасы жыцця", якая праходзіць праз Хромава ў Бахмут, і якую УСУ выкарыстоўваюць у якасці наземнай лініі сувязі з Бахмутам.

Очередная атака российских дронов и в Белгороде уронили бомбу — 422-е утро войны
Сітуацыя ў Бахмуце / understandingwar.org

У пачатку гэтага года Яўген Прыгожын, фінансіст ПВК "Вагнер", звяртаўся да Кітаю з просьбай аб пастаўках зброі, але Пекін праігнараваў гэтую просьбу. Пра гэта піша Financial Times са спасылкай на сакрэтныя дакументы ЗША, якія з'явіліся ў інтэрнэце. Паводле гэтых дакументаў, прадстаўнікі "Вагнера", у тым ліку Прыгожын, "шукалі боепрыпасы і абсталяванне" з Кітая ў пачатку 2023 года. Аднак па стане на пачатак студзеня Кітай "не дасылаў ["вагнераўцам"] ніякай зброі, нават для выпрабаванняў, і не меў кантакту з [ПВК "Вагнер"] па пастаўках зброі", гаворыцца ў дакументах.

Нагадаем, у лютым генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг казаў, што ў Альянс бачыць, як Кітай разглядае магчымасці пастаўляць Узбраенне Расіі. Мінабароны ЗША тады папярэдзіла Кітай аб наступствах. А ўкраінская вайсковая разведка паводле стану на 20 сакавіка так і не зафіксавала фактаў пастаўкі Кітаем зброі ў Расію, піша Hromadske.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна зрабіла ўсё, каб краіны NATO ўхвалілі яе заяўку на далучэнне да Альянсу. І цяпер у Кіеве разлічваюць атрымаць запрашэнне на ўступленне ў арганізацыю на бліжэйшым саміце, які адбудзецца летам у Вільне. Са слоў Зяленскага, ён абмяркоўваў змест гэтага саміту з Генеральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбергам падчас ягонага нядаўняга візіту ў Кіеў.

"Ні большасць украінцаў, ні большасць еўрапейцаў, ні большасць жыхароў усёй прасторы NATO не зразумеюць лідараў Альянсу, калі на гэтым саміце ў Вільні не прагучыць заслужанае палітычнае запрашэнне для Украіны ў Альянс", — падкрэсліў украінскі прэзідэнт у традыцыйным вечаровым відэазвароце.

Хоць раней выданне The Financial Times са спасылкай на неназваных дыпламатаў пісала, што NATO хоча павялічыць фінансавую дапамогу Украіне, каб Кіеў менш раздражняўся праз нежаданне Альянсу казаць аб далучэнні Украіны. "Мы не зможам прапанаваць ім сяброўства ў бліжэйшы час. Але мы можам казаць пра больш цесныя стасункі паміж NATO і Украінай", — казаў адзін з дыпламатаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі