Чаргінец пра закон аб інфармацыі: Калі будзе трэба, сайт могуць закрыць

2-га кастрычніка адкрылася
восеньская сесія парламента, і ўжо сёння на ёй разглядаўся праект Закону “Аб
інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі“. У законапраекце ёсць нормы,
накіраваныя непасрэдна на рэгуляванне інфармацыі ў Інтэрнэце. Ці змогуць такім
шляхам увесці цэнзуру ў Інтэрнэце і павялічыць кантроль? Юрыст Андрэй Бастунец мяркуе, што шмат пытанняў застаюцца нявырашанымі:

З аднаго боку, ў
законапраекце ідзе гаворка пра тое, што дзейнасць у Інтэрнэце будзе свабодная,
але далей запісана – у межах, вызначаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”.

Якія гэта межы? Кіраўнік
праекта e-belarus.org Міхаіл Дарашкевіч
лічыць артыкул, што тычыцца рэгістрацыі рэсурсаў, небяспечным:

“На жаль, там гаворыцца, што рэгістрацыя будзе
адбывацца на добраахвотнай аснове, але мы можам меркаваць, што добраахвотная
аснова будзе значыць, што тыя, хто не зарэгістраваўся, не будуць дапушчаныя да
чаго-небудзь.

Напрыклад, вы не рэгіструеце свой рэсурс, а потым
узнікае пытанне, што, умоўна кажучы, на якое-небудзь мерапрыемства дапускаецца
толькі той, хто зарэгістраваны”.

У мінулым годзе
была прынята пастанова пра электронныя крамы і тычылася таго, што ўсе крамы
павінны знаходзіцца у дамене BY і павінны хосціцца ў Беларусі. Андрэй Бастунец упэўнены, што рэгуляванне
такой глабальнай з’явы, як інтэрнэт, у межах адной краіны – недасканалае:

“Некаторыя сайты могуць рэгістравацца ў іншых
даменных зонах, напрыклад, org, info і г.д. І я не думаю, што могуць быць нейкія
забароны гэта зрабіць. З іншага боку, якім чынам будуць рэгуляваць дзейнасць
гэтых рэсурсаў, і не абавязкова створаных беларускімі грамадзянамі ў Беларусі,
– вельмі вялікае пытанне”.

Не так даўно
галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Павел
Якубовіч
заяўляў, што рэсурсы, не зарэгістраваныя ў зоне BY, не змогуць браць рэкламу. Міхаіл Дарашкевіч лічыць, што такім чынам прагаворваецца перадумова
да стварэння нарматыўнага акта такога кшталту:

“У гэтым сэнсе я бачу, што гэта можа стварыць прэцэдэнт
падрыхтоўкі нарматыўнага акта, які будзе рэгламентаваць Інтэрнэт-рэкламу на
беларускіх рэсурсах”.

Па словах Андрэя Бастунца, магчымы такі варыянт,
што сапраўды не зарэгістраваныя ў Беларусі рэсурсы не змогуць браць рэкламу, але
тут зноў-такі пытанне, чаму беларускі рэкламадаўца не зможа даць рэкламу
замежнаму Інтэрнэт-сродку:

“Вельмі шмат пытанняў, нават тэхналагічна, як
прымяніць тыя ці іншыя нормы заканапраекта, які рэгулюе дзейнасць такога
глабальнага сродку масавай камунікацыі, як Інтэрнэт. Якім чынам гэта рэгуляваць
у межах адной краіны?”

Акрамя пералічаных недакладнасцяў
эксперты таксама вылучаюць вялізную колькасць розных сфер, якія спрабуюць
ахапіць законам, а таксама праблему недакладнасці фармулёвак. Міхаіл Дарашкевіч
апроч гэтага таксама адзначае, што пакуль закон у асноўным з’яўляецца
палітычным сімвалам, які ўвесь час выкарыстоўваюць як сродак для пагрозы.

Старшыня камісіі
па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец у размове з
Еўрарадыё зазначыў, што такі закон неабходны, бо кожная краіна імкнецца да
рэгулявання такіх пытанняў заканадаўчым шляхам:

“Рэгістрацыю трэба разглядаць як элементарны ўлік,
тут няма дазвольнай ці забараняльнай функцыі – проста рэгістрацыя. Проста
кантралюецца дзейнасць, і ў выпадку неабходнасці сайт могуць закрыць”.