Чаргінец: "Канстытуцыйны акт у Маскве, і яго нікому не паказваюць"

Беларуска-расійская працоўная група нарэшце падрыхтавала праект Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы. Еўрарадыё вырашыла даведацца, што там напісана, бо 3 лістапада гэты праект ужо можа быць разгледжаны на бліжэйшым пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Мікалай Чаргінец сцвярджае, што пагрозы суверэнітэту Беларусі гэты дакумент не нясе.

Мікалай Чаргінец: "У першым артыкуле гэтага Канстытуцыйнага акту запісана, што бакі захоўваюць за сабой поўны суверэнітэт, тэрытарыяльную цэльнасць, усе атрыбуты ўлады - герб, гімн і сцяг, знаходжанне ва ўсіх міжнародных арганізацыях, у тым ліку ААН".

Паводле слоў сенатара, нягледзячы на тое, што праца над дакументам завершаная, шмат значных для дзейнасці Саюзнай дзяржавы пунктаў так і засталіся не прапісанымі. Напрыклад, хто і як будзе ёй кіраваць.

Мікалай Чаргінец: "Гэтае пытанне засталося адкрытым. Як і банкаўскія справы, і пытанне адзінай валюты".

Далей абмяркоўваць гэтую тэму незавершанасці Чаргінец не пажадаў. Кажа, дакумент не гатовы і, верагодней за ўсё, у ім яшчэ будзе шмат дапаўненняў і змяненняў. Але пазнаёміцца  нават з гэтым паўфабрыкатам у шэраговага грамадзяніна будучай Саюзнай дзяржавы пакуль магчымасці няма.

Мікалай Чаргінец: "Дакумент у Маскве застаўся, у працоўнай групе. І яны яго не даюць пакуль. Бо што з ім знаёміць, калі гэта можа быць 20-ы варыянт. Ён выкліча непатрэбныя размовы на тэму, якая яшчэ не саспела".

Між тым, тэма Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы ўжо выклікала абмеркаванні. Напрыклад - датычна ядзернай зброі ў сістэме агульнай беларуска-расійскай супрацьракетнай абароны. Чаргінец сцвярджае, што яе ў Беларусь завозіць не збіраюцца. І ўпэўніў, што канчатковае рашэнне аб падпісанні Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы будуць прымаць грамадзяне Беларусі і Расіі на рэферэндуме.

Мікалай Чаргінец: "Калі Канстытуцыйны акт будзе ўхвалены на Вышэйшым дзяржсавеце, будзе праведзены ў абодвух краінах рэферэндум па гэтым пытанні".

У тым, што незалежнасці Беларусі нічога не пагражае, упэўнены і палітолаг Юры Шаўцоў. Больш за  тое, на яго думку, суверэнітэту ў нас пасля падпісання гэтага акту толькі пабольшае.

Юры Шаўцоў: "Калі ён будзе падпісаны на базе Дамовы аб Саюзнай дзяржаве, то беларускі суверэнітэт атрымае больш магчымасцяў для сваёй рэалізацыі адносна Расіі. У нас з Расіяй так адбудаваныя адносіны, што ў нас ёсць унутры Расіі вельмі шмат лабісцкіх груповак, якія так ці інакш адстойваюць беларускія інтарэсы. Калі Беларусь атрымае больш легальных палітычных магчымасцяў адстойваць іх інтарэсы праз Саюзную дзяржаву, будзе толькі лепш".

Згодна з праектам гэтага Канстытуцыйнага акту, Беларусь і Расія будуць мець агульную сістэму супрацьпаветранай абароны. Але небяспекі ні ў тым, што камандаваць размешчанымі на тэрыторыі нашай краіны комплексамі СПА будуць з Масквы, ні ў тым, што яны будуць укамплектаваныя расійскімі  ядзернымі ракетамі, палітолаг таксама не бачыць.

Юры Шаўцоў: "Калі ствараецца адзіная сістэма супрацьпаветранай абароны, гэта азначае, што рашэнне аб выкарыстанні зброі, у выпадку нападу на Беларусь ці Расію, прымае Масква. Так тэхналагічна адбудоўваецца. Калі ў нас адзіная сістэма СПА, і гэта зразумела для ўсіх, яна будзе ўкамплектавана расійскай ядзернай зброяй. Бо калі нейкая цэль атакуецца вялікай колькасцю крылатых ракет, то іх не б'юць па адной, а проста ўзрываць на іх шляху ядзерны зарад - і ўсе ракеты знікаюць".

І Захаду, кажа ён, проста давядзецца змірыцца з наяўнасцю на тэрыторыі нашай "бяз'ядзернай краіны" такой зброі. Як і з тым, што Беларусі пасля падпісання акта давядзецца прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Праўда, кажа палітолаг, раней за снежань, калі пачне працу новая Палата прадстаўнікоў, гэтага чакаць не даводзіцца.

У адрозненне ад аптымістычна настроенага Юрыя Шаўцова, "белавежскі зубр" Станіслаў Шушкевіч бачыць у гэтым Канстытуцыйным акце непасрэдную пагрозу незалежнасці Беларусі.

Станіслаў Шушкевіч: "Гэта яшчэ адзін крок да ліквідацыі беларускай незалежнасці. Але нагадваю, што ў нас няма ні легітымнага прэзідэнта, ні легітымнага парламента, і ўсе гэтыя крокі для міжнароднай супольнасці і міжнароднага права не адыгрываюць ніякай ролі".

Вялікую занепакоенасць выклікае ў палітыка і верагоднасць размяшчэння ў Беларусі расійскай ядзернай зброі.

Станіслаў Шушкевіч: "Беларусь - бяз'ядзерная зона, і гэта зацверджана шэрагам міжнародных пагадненняў. Гэта будзе вялікая агрэсіўнасць нашага ўсходняга суседа, калі ён захоча размясціць тут ядзерную зброю. І большай небяспекі для Беларусі няма. Таму і акт гэты - гэта акт гублення Беларусі і беларусаў".

Між тым усе - і палітыкі, і палітолагі, і самі распрацоўшчыкі Канстытуцыйнага акта ў асобе Мікалая Чаргінца - кажуць, што да канчатковага прыняцця яго яшчэ далёка. Таму не выключана, што ён за гэты час альбо згубіцца ў клунках саюзных бюракратаў, альбо трансфармуецца так, што ператворыцца ў чарговую нязначную і незаўважную ініцыятыву. Як шмат іншых "актаў" Саюзнай дзяржавы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі