Чаму сёлета так і не прайшоў Усебеларускі народны сход

Чаму сёлета так і не прайшоў Усебеларускі народны сход

Беларусь жыве пяцігодкамі, як у савецкія часы. Праўда, цяпер менавіта гэты прамежак часу абумоўлены прэзідэнцкім тэрмінам. І напрыканцы адной ды напярэдадні наступнай пяцігодкі ўлады праводзілі мерапрыемства пад гучнай назвай “Усебеларускі народны сход”. Казалі пра зробленае за пяць гадоў, малявалі карціну будучых дасягненняў. Прасцей кажучы, нам паказваюць, у якім накірунку краіна будзе рухацца, як развівацца, да чаго імкнуцца.

Звычайна, паказанае людзям падабалася. Да прыкладу, на ІV Усебеларускім сходзе беларусам абяцалі, што “да 2015-га года плануецца давесці сярэдні заробак па краіне да эквіваленту адной тысячы долараў, адначасова павысіўшы пенсіі”, што “зялёны калідор адкрыецца для прадпрымальнікаў і прыватнага бізнесу”, што “да 2015-га года мы павінны будзем будаваць каля 9-10 мільёнаў квадратных метраў жылля” і што, дзякуючы тром новым цэментным заводам, “будаўніцтва гэтае будзе больш хуткім і танным”. І гэтак далей — усё гэта было па выніках сходу прапісанае ў “Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады”.

Заканчваецца 2015-ы год, прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары. Але да іх пачатку, як гэта было раней, Усебеларускага сходу мы так і не ўбачылі. І не пачулі справаздачы пры выкананне закладзеных у названую “Праграму” абяцанняў і планаў развіцця на 2016-2020 гады.

У кастрычніку старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч спрабуе супакоіць. Маўляў, і чарговы Усебеларускі сход хутка будзе, і “Праграму развіцця” на наступную пяцігодку на ім прымуць. Праўда, дату не называе. За два дні да Новага года спрабуем высветліць прычыны затрымкі і верагодную дату правядзення мерапрыемства.

Сам Міхаіл Мясніковіч на пытанні адказаць не можа — вельмі заняты, тлумачаць ў прыёмнай спікера Савета Рэспублікі. У прэс-службе разводзяць рукамі: няма ніякай інфармацыі ні пра дату сходу, ні пра прычыны затрымкі з яго правядзеннем. Тое ж кажуць і ў прэс-службе Адміністрацыі прэзідэнта.

Між тым, эксперты ўпэўненыя, прычына нежадання ўладаў праводзіць сход да выбараў вельмі простая: няма чым хваліцца.

“Поўны правал! Высокае кіраўніцтва села ў галёшу — абяцала адну тысячу долараў у 2015-м годзе, а атрымалася нават менш, чым было падчас папярэдніх выбараў, і таму гэтую ідэю ціха замялі, — упэўнены палітолаг Аляксандр Класкоўскі. — Ну, калі не лічыць, што ў верасні перад выбарамі, правялі замест Усебеларускага сходу “Маленне за Беларусь”. Такі плаўны пераход: калі няма пра што трубіць — тады трэба толькі маліцца, каб не ляснула ўся гэтая сістэма”.

                                                 Аляксандр Класкоўскі

Ладна, “замялі” працэдуру абвяшчэння дасягнутых вынікаў. Хваліцца ў стылі “выканалі і перавыканалі” сапраўды магчымасці няма. Нават не пра тую тысячу долараў сярэдняга заробку гаворка. Тыя ж планы будаўніцтва жылля: казалі пра 9-10 мільёнаў квадратных метраў штогод, а ў 2014 пабудавалі толькі 5 522 400 квадратаў. У 2015 — і таго менш.

Але як жа з арыенцірамі на будучае. Дзе новая “Праграма развіцця” на чарговую пяцігодку? Чаму яе нам не даюць?

“Няма разумення, куды і як рухацца, — тлумачыць палітолаг Яўген Прэйгерман. — Гэта бачна і па прызначэннях ва Урадзе і ў розных ведамствах. Фактычна, ёсць два блокі: адны рашуча выказваюцца на карысць будучых рэформ, другія, рэтраграды, гэтак жа рашуча выказваюцца супраць рэформ. Таму я думаю, што ідзе пошук нейкіх стратэгій, якія мусяць прывязвацца пад магчымасці, пад грошы, якія таксама шукаюцца. Такі вось у нас “шпагат” не толькі ў знешняй палітыцы, але і ва ўнутранай эканамічнай палітыцы. Таму я не бачу сэнсу праводзіць нейкі Усебеларускі сход”.

                                               Яўген Прэйгерман

Не трэба хвалявацца, сход будзе, супакойвае дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Валянціна Леаненка.

Валянціна Леаненка:“Ну, будзе ён пасля Новага года — трэба проста дачакацца! Бо трэба дакладна разабрацца ў тым, што адбываецца навокал. Сёння ніхто з нас не можа сказаць: што будзе далей. Вы бачыце, як кошты на нафту перакульваюць эканомікі шмат якіх краін. І тут трэба аналізаваць гэтыя наступствы, наколькі яны моцныя для нашай краіны і выпрацоўваць стратэгію. А гэта за адзін дзень не робіцца”.

Але ў тым, што стратэгія развіцця краіны на бліжэйшыя гады будзе агучаная, а Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця “звярстаная” і беларусам прадстаўленая, Валянціна Леаненка не сумняваецца. І нам не раіць. Ну, што ж, пачакаем.

 

Фота: Зміцер Лукашук, newsby.org і з архіва Яўгена Прэйгермана

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі