Чаму сталі больш крытыкаваць Ціханоўскую? Адказ: гэта норма

Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё
Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё

Святлану Ціханоўскую будуць крытыкаваць у кожным разе: за залішнюю мяккасць і за, наадварот, занадта радыкальную санкцыйную рыторыку. І гэта норма, кажа палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман.

"Ёсць людзі, якія будуць крытыкаваць яе пазіцыю па Расіі: занадта доўга там па Крыме не магла вызначыцца. Іншыя скажуць: не, беларускае грамадства расколатае, а ты заняла пазіцыю празаходнюю... Не будзеш як бы для ўсіх цудоўным у сітуацыі грамадскай палярызацыі. Таму гэта абсалютна натуральна, што ёй прылятае з усіх бакоў".

Шрайбман нагадвае, што ў 2020 годзе яе пазіцыя была максімальна агульная: "Я прыйшла новыя выбары правесці, а ўсё астатняе там: Крым не Крым, двухмоўе або аднамоўе, санкцыі не санкцыі — гэта ўсё падумаем потым. Гэта будзе легітымная ўлада вырашаць. А я прыйшла правесці сумленныя выбары, і ўсё. Гэта шырокі парадак дня, шырокая платформа. Пад ёй усе могуць падпісацца. Але калі трэба прымаць на сябе нейкія погляды і іх абараняць на міжнароднай арэне, у тым ліку ты трапляеш пад перакрыжаваны агонь".

Яшчэ адзін аспект у крытыцы Ціханоўскай — псіхалагічны: праз тое, што працэс актыўнай барацьбы доўжыцца ўжо два гады.

"За гэты час вынікаў, плёну людзі, настроеныя супраць рэжыму, не бачаць. І адпаведна, на каго яны хочуць павесіць усіх сабак? Натуральна, на ўвасабленне лідара, незалежна ад таго, колькі і якія працэсы яна рэальна кантралюе. Маё глыбокае перакананне, што 2020-ы год не стаў прадуктам працы хоць аднаго лідара: ні Бабарыкі, ні Ціханоўскага, ні Ціханоўскай. Ніхто з іх не прыўнёс у фармаванне вось гэтага пратэставага руху столькі, колькі прыўнеслі сілавікі на Акрэсціна. І таму, я думаю, лішняе на гэтых апазіцыйных лідараў навешваць занадта шмат адказнасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі