Чаму недзе пратэсты прыводзяць да звяржэння ўлады, а недзе згасаюць?

Чаму недзе пратэсты прыводзяць да звяржэння ўлады, а недзе згасаюць?

У Кішынёве працягваюцца акцыі пратэсту. Людзі выступаюць супраць карупцыі ў дзяржаўных органах і алігархіі. Апошняй кропкай стаў нібыта крадзеж мільярда долараў бюджэтных сродкаў (траціна гадавога бюджэту Малдовы).

Расійскі журналіст Даніс Сахабутдынаў распавядае Еўрарадыё, што на плошчы Вялікага нацыянальнага сходу цяпер знаходзіцца каля 300 чалавек і каля 200 намётаў. Настрой у прысутных даволі пазітыўны.

“Недзе раз на гадзіну людзі выходзяць на сцэну, распавядаюць свае гісторыі. У астатні час гучыць музыка, людзі гутараць, сядзяць у цені. Размаўляюць з паліцыяй. Тут знаходзіцца каля 50 паліцэйскіх з дубінкамі, што ахоўваюць парламент. Яны таксама даволі прыязныя”, — кажа журналіст.

Выканаўчы дырэктар Арганізацыі незалежнай прэсы Малдовы Петру Макавей мяркуе, што на дадзены момант пратэст у тупіку, бо арганізатары паставілі невыканальныя задачы.

“Яны патрабуюць адстаўкі ўсіх: і прэзідэнта, і парламента, і ўрада, і кіраўніка Нацбанка. І адначасова лідары пратэсту патрабуюць сустрэчы з імі ж”.

Але нельга выключаць ніякіх варыянтаў падзеяў, нават самых жорсткіх. 

Чаму ў пэўных краінах акцыі пратэстаў прыводзяць да звяржэння ўлады, а недзе згасаюць?

Армянскі палітолаг Аляксандр Іскандаран кажа, што для таго, каб пратэстная акцыя ператварылася ў акт звяржэння ўлады, неабходна, каб супала некалькі умоваў.

“Па-першае, слабасць уладаў. Часта яна мусіць быць дэкансалідаваная. Спадар Саакашвілі, спадар Парашэнка, ды амаль усе яны насамрэч, выйшлі з улады. Гэта быў вынік расколу ўнутры элітаў. Таму і эліта аказваецца аслабленай, і пэўныя сілы апынаюцца ля апазіцыйных натоўпаў. Бо натоўп сам па сабе нічога зрабіць не можа”, — кажа палітолаг.

Другая ўмова — раскол бізнесу. Бо рэвалюцыя — гэта грошы. А грошам няма адкуль узяцца, калі частка бізнесу не падтрымлівае пратэстоўцаў. Там, дзе бізнес трымаецца ў адных руках, як у Туркменістане ці ва Узбекістане, аксамітавая рэвалюцыя немагчымая.

Іншай умовай з’яўляецца слабая легітымнасць. А яна прысутнічае амаль ва ўсіх постсавецкіх краінах, кажа палітолаг. І звычайна для такіх падзеяў патрэбныя выбары. Часам можа быць і іншая падзея, як, напрыклад, павышэнне тарыфаў на камунальныя паслугі.

Дарэчы, пратэстны рух супраць павышэння цэнаў на электраэнергію ў Арменіі акурат згас, кажа Аляксандр Іскандаран. Тыя невялікія групы людзей, якія збіраюцца ў выходныя пратэставаць, — звычайная палітычная абстаноўка ў Арменіі.

Чаму недзе пратэсты прыводзяць да звяржэння ўлады, а недзе згасаюць?
Пратэстуючыя ў Ерэване ноччу 25 чэрвеня.
Фота: AFP/Scanpix

Як пратэсты рабіліся рэвалюцыямі

Першай такой акцыяй у лістападзе 2003 года была “рэвалюцыя ружаў” у Грузіі. Яна прайшла мірна, без ахвяраў. Людзі тады выйшлі на плошчу, незадаволеныя вынікамі парламенцкіх выбараў, якія завяршыліся перамогай нязменнага на той час кіраўніка краіны Эдуарда Шэварнадзэ і яго саюзнікаў. Піку пратэст тады дасягнуў 22 лістапада, у першы дзень пасяджэння новага парламента. Тады апазіцыянеры на чале з Міхаілам Саакашвілі захапілі будынак парламента і спынілі выступ Шэварнадзэ. На наступны дзень той правёў сустрэчу з апазіцыйнымі лідарамі і падаў у адстаўку.

У красавіку 2010 года масавыя пратэсты пачаліся ў Кыргызстане. Прычыны ўсё тыя ж — карупцыя, крытычна нізкі ўзровень жыцця, а таксама рэзкае павышэнне тарыфаў на камунальныя паслугі. Беспарадкі ўспыхнулі 6 красавіка ў горадзе Талас, дзе мітынгоўцы захапілі будынак абласной адміністрацыі. На наступны дзень супраць уладаў бунтавала і сталіца краіны — Бішкек. Пераломным момантам тады стаў арышт апазіцыйнага лідара Алмазбека Атамбаева. Мітынг у яго падтрымку скончыўся сутыкненнямі са спецназам, расстрэламі пратэстоўцаў (загінула 84 чалавекі 1500 былі параненыя), захопам і падпалам будынка парламента і Генпракуратуры. У гэты дзень парламент краіны падаў у адстаўку, а прэзідэнт Курманбек Бакіеў збег у горад Ош. Апазіцыя стварыла часовы ўрад, які ўзначаліла Роза Атунбаева. Пасля гэтага напружанасць і беспарадкі ў розных рэгіёнах краіны працягваліся да чэрвеня 2010 года.

Падчас Майдану 2014 года ва Украіне пераломным момантам таксама сталі расстрэлы пратэстоўцаў. Пасля масавага кровапраліцця 18-21 лютага прэзідэнт Віктар Януковіч з’ехаў з Кіева, а Вярхоўная Рада адхіліла яго ад абавязкаў і прызначыла датэрміновыя выбары.

Фота: Даніс Сахабутдынаў, AFP/Scanpix.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі