Чаму Ціханоўская не створыць сваю “Армію Андэрса”?

Чаму Ціханоўская не створыць сваю “Армію Андэрса”?

Хваля крытыкі Святланы Ціханоўскай і яе Офіса працягваецца. Палітыка ў тым ліку папракаюць за тое, што яе праграма не занадта радыкальная, што толькі нацыянальна-вызваленчая барацьба цяпер адзіны шлях да перамен у Беларусі. І як прыклад некаторыя прыводзяць польскую Армію Андэрса. Па словах палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, гэтая паралель вельмі кульгае:

“Тады была Другая сусветная вайна, тады была антыгітлераўская кааліцыя. Хто сёння возьмецца ствараць тую Армію Андэрса? Называюць той самы полк “Пагоня”, полк імя Каліноўскага, але ж гэта часткі УСУ, якія падпарадкоўваюцца вайсковай дысцыпліне, якія ваююць там, дзе ім будзе загадана. І нешта я не чуў, каб украінскія ўлады пачалі фармаваць такую Армію Андэрса. Хай паспрабуюць, але гэта нерэальна”.

Па словах Класкоўскага, ніводная іншая краіна Захаду таксама не возьмецца гэта рабіць:

“Бо тады Лукашэнка адразу пачне паціраць рукі: “А што я казаў? Яны ж рыхтуюць узброены напад, яны рыхтуюць супраць мяне агрэсію”. Таму крытыкі Ціханоўскай могуць кідацца радыкальнай рыторыкай, але ўсё гэта па вялікім рахунку кіданне пантоў”. 

Класкоўскі прапануе рэальна глядзець на сітуацыю:

“Сёння фаза контррэвалюцыі, сёння пануе тэрор у краіне і большасць людзей запалоханы. Якія б кангрэсы ні збіралі, якія б стратэгіі ні выпрацоўвалі, якія б палымяныя прамоўцы ні выступалі, зразумела, што заўтра ніякая Армія Андэрса не пойдзе на Мінск і ніякіх дзясяткаў партызанскіх атрадаў у лясах Беларусі не будзе. Нямногія адважацца ісці на такую літаральна смяротную рызыку, не таму, што людзі не хочуць перамен, а таму, што няма тэрмінатараў”. 

Скінуць Лукашэнку значна складаней, чым скінуць Ціханоўскую. Так Класкоўскі тлумачыць хвалю крытыкі ад яе апанентаў. 

Польскую “Армію Андэрса” стварылі савецкі ўрад і генерал Уладзіслаў Андэрс у 1941–1942 гадах на тэрыторыі СССР па дамове з польскім урадам у выгнанні. У яе склад уваходзілі палякі, якія трапілі ў палон у выніку савецка-польскай вайны 1939 года, а таксама польскія грамадзяне, якіх дэпартавалі і зняволілі ў лагерах ГУЛАГа. У 1943–1946 гадах польскі корпус уваходзіў у склад войска Вялікабрытаніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі