Чалы: Беларусь уступіла ў Мытны саюз, каб мець час на збліжэнне з Еўропай

З-за Мытнага саюза імпарт у Беларусь скароціцца на 1 мільярд долараў, а некаторыя замежныя тавары і прадукты істотна падаражэюць. Але не гэта галоўнае, мяркуе эксперт Еўрарадыё Сяргей Чалы. Уваходжанне ў саюз было для нас тактычным ходам, які дае час на пераразмеркаванне энергетычных плыняў.
Імпарт у Беларусь скароціцца на 1 мільярд долараў

Еўрарадыё: 6 ліпеня Беларусь уступіла ў Мытны саюз. Я асабіста ніякіх зменаў пакуль не адчуваю. Дык што ж зменіцца?

Сяргей Чалы: Адзінае, што хаця б на нешта ўплывае, — гэта ўвядзенне адзінага мытнага тарыфу. Хаця і тут для Беларусі амаль нічога не змянілася, бо адсоткаў на 95 у нас з Расіяй тарыфы былі і так уніфікаваныя. Змены па вельмі малой колькасці таварных пазіцый. Самае галоўнае — гэта аўтамабілі і грузавікі. Таксама — алюміній. Натуральна, імпарт з Расіі ўзрасце, а з-за межаў Мытнага саюза — панізіцца.

Карысныя для нас змены тарыфаў датычацца лёгкай прамысловасці: тэкстылю, вопраткі і г.д. Хутчэй за ўсё, мы здолеем павялічыць долю экспарту гэтых тавараў у Расію. Тое ж датычыцца сельскай гаспадаркі, цукру і мяса-малочнай прамысловасці, экспарт якой амаль цалкам ідзе ў Расію. Тут “знешнія” пошліны павышаюцца, значыць, імпартаваць гэтую прадукцыю ў Беларусь будзе даражэй. Адпаведна, узнімецца кошт на, напрыклад, польскае мяса ў беларускіх крамах. Там рост тарыфу, да прыкладу, на замарожаную свініну вельмі істотны — практычна на 100%.

Еўрарадыё: Скарачэнне імпарту станоўча паўплывае на сальда гандлёвага балансу?

Сяргей Чалы: Калі ўлічваць увядзенне сярэднеўзважаных тарыфаў і зыходзіць з эластычнасці імпарту па кошце, чакаецца, што імпарт у Беларусь скараціцца прыкладна на 1 мільярд долараў, ці прыкладна на 8%. Ільвіная доля тут, вядома, прыпадае на падзенне імпарту аўтамабіляў. Ён упадзе ў 4-7 разоў, паводле розных прагнозаў. А імпарт новых аўтамабіляў праз аўтасалоны ўжо амаль спыніўся. Тое самае з 1 ліпеня 2011 года чакае і імпарт фізасобамі.

Пры гэтым трэба трымаць на ўвазе, што амаль чвэрць ад агульнай колькасці мытных пошлін, якія збірала нашая дзяржава, прыпадаў на імпарт аўтамабіляў. А ў 2009 годзе людзі рыхтаваліся да Мытнага саюзу, быў ажыятажны попыт, і гэтая доля павялічылася амаль да 1/3.

Марам беларускіх уладаў пра зборачны цэх Мытнага саюза не спраўдзіцца?

Еўрарадыё: То бок, у гэтага медаля два бакі: з аднаго боку, падае імпарт і стымулюецца ўнутраная прамысловасць, з іншага — скарачаюцца паступленні мытных пошлін у бюджэт?

Сяргей Чалы: Так. І ў нашага ўрада ёсць ілюзіі наконт таго, што Беларусь ізноў будзе зборачным цэхам для вялікай прасторы Мытнага саюза. Маўляў, заходніх інвестараў прывабіць тое, што вырабленай тут прадукцыяй можна будзе без пошлін гандляваць амаль па ўсім былым СССР. Але мне здаецца, што гэта не атрымаецца. Бо, як паказвае практыка, ў міждзяржаўным утварэнні, пабудаваным краінамі з такой эканомікай, як наша — не перадавымі індустрыяльнымі, а такімі, якія вечна развіваюцца, — большая частка інвестыцыяў усё роўна ідзе ў краіну з большай эканомікай.

Таму выйграе тут хутчэй за ўсё Расія, а не мы. Тым больш, што і Daimler, і Volvo зараз збіраюцца адкрываць вытворчасці менавіта ў Расіі. І гэта толькі ўскладніць канкурэнцыю на расійскім рынку нашым МАЗам.

Еўрарадыё: Але фармальна вялікі рынак Мытнага саюза для нас усё ж адкрыўся?

Сяргей Чалы:
Фармальна гэты рынак мусіў быць адкрыты для нас увесь час. Але Расія доступ да яго ўвесь час паслядоўна абмяжоўвала. Прыкладаў шмат.

Еўрарадыё: Наколькі тарыфы Мытнага саюза адэкватныя сусветным нормам?

Сяргей Чалы: Тут вельмі цікавы момант. За аснову пры ўніфікацыі браліся, у асноўным, расійскія тарыфы. А Расія ў 2009 годзе лічылася Сусветнай гандлёвай арганізацыяй (СГА) адным з лідэраў паводле колькасці абарончых захадаў. З пункту гледжання СГА — захадаў на мяжы фола, але часовых, якія дапушчальна экстрана ўводзіць для абароны пэўных галінаў эканомікі ад нападаў ці ў выніку шоку. А цяпер гэтыя часовыя захады ператвараюцца ў сталыя.

Еўрарадыё: Сітуацыя выглядае так. Вялікі рынак збыту адкрыты, але прадаць туды нічога не магчыма. Чыноўнікі ізноў будуць замест мадэрнізацыі вытворчасці скардзіцца на праблемы з маркетынгам?

Сяргей Чалы: Так, гэта цалкам магчыма.

Тое, што мы ад Мытнага саюза хацелі, не атрымалася

Еўрарадыё: Ці можна казаць пра тое, што Беларусь пры падпісанні дакументаў па Мытным саюзе здолела выкарыстаць перамогу ў “газавай вайне”?

Сяргей Чалы: Я б не звязваў гэтыя дзве рэчы так шчыльна. Але можна канстатаваць наступнае: у нас не атрымалася прасунуць у дакументы па Мытным саюзе тое, што мы хацелі. Засталіся расійскія экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты. Пазоў у Эканамічным судзе СНД не задаволены. Адзінае, дзе мы нешта выгандлявалі, — гэта на год, да 1 ліпеня 2011-га, працягнулі дзеянне нацыянальнага рэжыму імпарту аўтамабіляў. Гэта для грамадзян добра — хто не паспеў дагэтуль, той яшчэ паспее набыць.

Шчыра кажучы, я не разумею, чаму мы ўсё ж такі ў гэты Мытны саюз увайшлі. Бо ўсе карты былі на стале: было добра зразумела, што нас у ім цікавіць, а што — не. І калі б беларускія ўлады лічылі, што Мытны саюз мае эканамічны сэнс — не трэба было б ім выкручваць рукі, усё б падпісалі без праблем.

Еўрарадыё: Такім чынам, у схватцы за Мытны саюз перамагла Расія?

Сяргей Чалы: Думаю, што ў Крамлі лічаць менавіта так. Але зразумела, што такія саюзы доўга не жывуць, бо яны не гарманізуюць інтарэсы краін-удзельніц.

Еўрарадыё: Але мы з Расіяй збіраемся інтэгравацца надалей? Я маю на ўвазе стварэнне Адзінай эканамічнай прасторы — АЭП.

Сяргей Чалы: Мне здаецца, што пасля ўсяго, што адбылося за апошнія паўтара года, ні ў каго ўжо не засталося ілюзій пра тое, што Расія для Беларусі больш не саюзнік. Акрамя, можа, “пятай калоны”, якая раскрыла сябе падчас “разборак” вакол Мытнага саюза. Спачатку яны Мытнаму саюзу спявалі асанну як вельмі карыснай рэчы. Пасля злараднічалі, як нас “нагіналі”. Мне гэтая радасць ад таго, што іншая дзяржава робіць балюча тваёй, не зразумелая.

АЭП і размовы пра тое, што там магчымая нейкая далейшая інтэграцыя, — здаецца, ніхто ў гэта не верыць. Гэта нейкая рытарычная фігура, спроба выявіць словамі тое, якім чынам усё ж такі магчыма не далучаць энергетычныя тавары да тавараў Мытнага саюза. Бо нават расійскія эканамісты прызнаюць, што гэта нонсенс, калі ў межах Мытнага саюза існуюць гандлёвыя абмежаванні. Думаю, што далейшая інтэграцыя наўрад ці адбудзецца.



Казахстан у Мытным саюзе, каб лягчэй было змагацца з Лукашэнкам?

Сяргей Чалы: Наяўнасць Казахстана ні для нас, ні, у прынцыпе, у Мытным саюзе вялікага эканамічнага сэнсу не нясе. Аб’ём гандлю ў нас з імі блізу 1%. Сам Казахстан у Мытным саюзе разлічвае на ўвоз на спінах казахаў кітайскага шырспажыву. Пад іх і рабілі новыя нормы — 50 кілаграмаў, 1500 еўра. І ўвазныя нормы на алкаголь павялічыліся, хаця туды ўключылі цяпер піва...

Такім чынам, я мяркую, што ўключэнне Казахстана ў Мытны саюз — гэта палітычны фактар. Маўляў, калі ні ўгаворамі, ні сілавымі метадамі пераканаць не атрымліваецца — давайце двое на аднаго.

Еўрарадыё: Усё ж такі — вашая версія, што менавіта пераважыла на карысць уваходжання Беларусі ў Мытны саюз?

Сяргей Чалы:
Магчыма, з нашага боку гэта тактычны ход. Цяпер добра зразумела, што трэба набываць энергетычную незалежнасць ад Расіі, а на гэта патрэбны час. Пэўныя крокі ўжо робяцца — Беларусь імкнецца інтэгравацца ў энергетычную мапу Еўропы. Мы пачынаем удзельнічаць у будаўніцтве газавага тэрмінала ў Літве.

Час таннага расійскага газу заканчваецца

Сяргей Чалы: Мілер заявіў, што час таннага расійскага газу заканчваецца — але ён сам не зразумеў, наколькі трапна сказаў. Умовы, у якіх Расія здабывае газ, робяцца ўсё цяжэйшымі. Трэба распрацоўваць больш паўночныя радовішчы... І можа вельмі хутка скласціся такая сітуацыя, што ў Расіі сабекошт газу будзе складаць 250 долараў за тысячу кубаметраў, а ў Еўропе, напрыклад, 150 долараў. У такой сітуацыі вельмі дрэнна быць завязаным на аднаго пастаўшчыка...

Еўрарадыё: Якія альтэрнатывы ў нас ёсць у Еўропе?

Сяргей Чалы: У 2008 годзе з ініцыятывы Барозу была распачатая ініцыятыва Baltic Energy Market Interconnection Plan (BEMIP). Яна прадугледжвае інтэграцыю энергасістэмаў краінаў Балтыі (прычым не толькі газавых, але і нафтавых, і электрычных) паміж сабой, з памежнымі краінамі і Еўрасаюзам. Мэта — дыверсіфікацыя паставак, паніжэнне энергазалежнасці.

У Балтыйскім моры плануецца пабудаваць 4 заводы для прыёму звадкаванага газу. Пры параўнальна невялікіх выдатках можна было б у гэтым праекце паўдзельнічаць і нам. Галоўнае — патрэбная палітычная воля. І цалкам магчыма, што яна ўжо ёсць — бо былі ўжо перамовы з літоўскім прэм’ерам на гэты конт, і гэта не выпадковасць.

Еўрарадыё: Наколькі рэальна замяніць ці хаця б скараціць патрэбу ў расійскім газе праз альтэрнатыўныя крыніцы энергіі?

Сяргей Чалы: Нягледзячы на пытанні, якія ўзнікаюць у эколагаў, я прыхільнік будаўніцтва АЭС. Ну і альтэрнатыўныя крыніцы — ветракі, міні-электрастанцыі, вядома, таксама лішнімі б не былі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі