Цана на расійскі газ, закладзеная ў праект бюджэту на 2008 год, засакрэчана

Цана на расійскі газ, закладзеная ў праект бюджэту на 2008 год, засакрэчана. Міністр фінансаў Беларусі Мікалай Корбут адмовіўся яе назваць. “Цана на газ у бюджэце закладзеная, а якая — даведаецеся, калі буду дакладваць”, — сказаў міністр, адказваючы на пытанні журналістаў, паведамляе АФН.

Нагадаем, учора ў Маскве прайшлі перамовы старшыні праўлення “Газпрома” Аляксея Мілера і першага намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі. Паводле паведамлення прэс-службы расійскай кампаніі, цана на газ для Беларусі на 2008 год так і не была вызначана.

А вось Украіна ўжо падпісала з “Газпромам” пагадненне пра пастаўкі газу ў наступным годзе. Яго цана складзе для ўкраінцаў 179,5 долара за тысячу кубаметраў. Цяпер яна знаходзіцца на ўзроўні 130 долараў.

Беларусь жа ў 2007 годзе плаціць 100 долараў за тысячу кубаметраў. Нядаўна Уладзімір Сямашка выказаў спадзяванне, што цана расійскага газу для Беларусі ў першым квартале 2008 года не перавысіць 119,5 долара.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі