Бюджэт-2016 за 50 хвілін і чатыры пытанні ад двух дэпутатаў

Бюджэт-2016 за 50 хвілін і чатыры пытанні ад двух дэпутатаў

Праект бюджэту на 2016 год у першым чытанні прынялі дэпутаты парламента 17 снежня. Прычым народныя абраннікі разглядалі не толькі гэты дакумент, але і яшчэ 6 законапраектаў. Пяць з якіх — з так званага “бюджэтнага пакету”.

Якія лічбы закладзеныя ў бюджэт і на што яны пойдуць, мы яшчэ будзем аналізаваць. Пасля таго як бюджэт-2016 зацвердзяць канчаткова. Зараз хачу звярнуць увагу на некалькі іншых “дробязяў”. Першае: на тое, каб прыняць усе гэтыя законапраекты дэпутатам спатрэбілася… дзве гадзіны часу. І гэта пры тым, што тры законапраекты з “бюджэтнага пакету” прымаліся адразу ў двух чытаннях. А міністр фінансаў Уладзімір Амарын аб’яднаў у адну “прэзентацыю” два законапраекты: датычны пытанняў прадпрымальніцкай дзейнасці і падаткаабкладання і сам праект бюджэту. Іх у выніку выслухалі, абмеркавалі і ўхвалілі за 50 хвілін.

Другое: цягам усяго пасяджэння толькі два дэпутаты задалі пытанні — Вольга Палітыка і Мікалай Калтуноў. І толькі па праекце бюджэту. Па астатніх законапраектах пытанняў не было. Я загадзя ведаю, як адрэагуюць на гэтыя мае заўвагі парламентарыі: “Над гэтымі дакументамі мы працавалі не адзін месяц, іх даўно дасканала вывучылі, а ўсе свае заўвагі выказалі падчас разгляду законапраектаў у камісіях”.

                            Вольга Палітыка

Гэта, безумоўна, праўда. Але прывяду цытату, якая таксама можа шмат сказаць пра прынцып працы. Пытанне дэпутата Мікалая Калтунова да міністра фінансаў Уладзіміра Амарына:

Мікалай Калтуноў: Мы заўтра будзем разглядаць бюджэт у другім чытанні, але я тут чытаю: “Просьба ўлічыць заўвагі Адміністрацыі прэзідэнта па праекце закона “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці і падаткаабкладання” да другога чытання. Не маглі б вы сказаць, якія гэта заўвагі адміністрацыі? Мы іх не бачылі.

Уладзімір Амарын: Там асноўныя заўвагі тычацца праекта зменаў ў Падатковы кодэкс: непавышэнне стаўкі падатку на агратурыстычны бізнес, на рамесніцкую дзейнасць. Неўвядзенне падаходнага падатку на выйгрышы і гэтак далей. У камісіі ёсць пералік прапаноў, і да другога чытання яны будуць разгледжаныя.

Мікалай Калтуноў: Але вы сказалі ў выступе, што яны будуць не ўлічаныя, а ўведзеныя. Па ігравым бізнесе, да прыкладу, будуць уведзеныя. А цяпер кажаце, што да другога чытання будуць улічаныя. Дык будуць ці не будуць?

                                 Мікалай Калтуноў

Уладзімір Амарын: Там ёсць заўвагі нашых асобных прапаноў, каб іх не ўводзіць, разумееце? Таму мы разглядаем іх нібы з дзвюх пазіцый. З пазіцыі кампрамісу ў прынцыпе. У нас пазіцыі гнуткія…

Не ведаю, як дэпутат, а я нічога з адказу міністра не зразумеў. Але гэта ўсё, што я пакуль хацеў бы сказаць пра бюджэт і пра тое, як яго прымалі ў першым чытанні.

                                       Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў

Затое ў мяне была магчымасць самому задаць пытанні міністрам, што былі на вечаровым “бюджэтным” пасяджэнні. Вось вам топ адказаў.

Пачнём з пытанняў “бюджэтных”. Законапраект “Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва” дэпутатам прадстаўляла міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Потым у кулуарах Палаты прадстаўнікоў яна ж расказвала журналістам пра сацыяльную арыентаванасць бюджэту на наступны год. Прыгадваю, як днямі адна з дэпутатак шчыра прызналася: пагроза страціць працу ў беларусаў сёння вельмі вялікая. Таму цікаўлюся ў міністра: “Што робіцца для таго, каб у нас запрацавала сістэма страхавання ад беспрацоўя?”. Увесці яе нам, дарэчы, рэкамендуе МВФ, у якога мы просім крэдыт.

Марыяна Шчоткіна: Ведаеце, прапрацоўваем пытанне. Але вы павінныя разумець: сёння ў нас сітуацыя, калі ўзровень — беспрацоўя 1%. Гэта не катастрофа, гэта рэальная лічба, якая прыцягвае ўвагу чалавека да таго, што працоўнае месца трэба берагчы. Гэта нармальна. Размова ідзе пра дапамогу па беспрацоўі. Але мы павінныя разумець, што страхаванне ад беспрацоўя стане дадатковым грузам для наймальніка. Таму мы будзем гэта прапрацоўваць з нашымі міжнароднымі паплечнікамі, гэтыя падыходы. Але тут трэба вельмі акуратна глядзець, бо наймальніка сёння трэба максімальна разгружаць — каб у яго быў прыбытак. Незалежна ад формы ўласнасці. Таму рашэнне трэба прымаць узважанае.

                                 Марыяна Шчоткіна

Адказваючы на пытанні журналістаў па праекце бюджэту, міністр фінансаў Уладзімір Амарын лёгка жангліраваў трыльёнамі рублёў і складанымі эканамічнымі тэрмінамі. Таму я прашу яго простымі словамі для простых людзей патлумачыць: як новы бюджэт паўплывае на іх жыццё — на цэны ў крамах і заробкі? Міністр нават губляецца.

Уладзімір Амарын: Ну… шчыра кажучы… па таварах… Трэба меркаваць па ўзроўні спажывецкіх цэнаў, якія закладаюцца ў прагноз, — гэта каля 12% да лютага гэтага года. Мы зніжаем інфляцыю паслядоўна, і на гэта скіраваная эканамічная палітыка — на стабілізацыю курса, на, скажам так, падвышэнне ці захаванне дабрабыту грамадзян. І гэтыя ўсе падыходы звязаныя ў першую чаргу з бесперабойным  функцыянаваннем бюджэтнай сферы, наперш аховы здароўя, захаванне даступнасці, падвышэнне якасці паслуг, у адукацыі, фізкультуры і спорце, культуры… Тут, канечне, мы захоўваем высокія стандарты, якіх дасягнулі ў бюджэтным фінансаванні за мінулыя гады…

                                              Уладзімір Амарын

А пра тое, што бюджэт закладаецца цана нафты 50 долараў за барэль і сярэднегадавы курс долара 18 600 рублёў, Уладзімір Амарын раіць не хвалявацца — яны гатовыя “выправіць” бюджэт, нафту пералічыць па 40 долараў за барэль. Але сам бюджэт ад гэтага не пацерпіць, бо яны ў такім выпадку “аптымізуюць расходы і мабілізуюць дадатковыя крыніцы прыбыткаў”. Але пакуль…

Мы не будзем нешта рабіць штучна. Будзем зыходзіць з сітуацыі, якая будзе складацца. Усё вельмі тонка, усё вельмі крохка — вы бачыце, як сітуацыя можа змяніцца… Як у бок станоўчы, так і ў бок адмоўны — што, да прыкладу, зараз адбылося”, — супакойвае мяне міністр фінансаў. 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі