Вы тут

​BYPOL: пасля выбараў з мінскага АМАПа сышоў кожны чацвёрты

Мінскія пратэстоўцы супраць амапаўцаў / Еўрарадыё

Пасля выбараў з мінскага АМАП сышлі 24% супрацоўнікаў. Такую статыстыку прыводзіць ініцыятыва ​BYPOL.

Да актывістаў ​BYPOL трапілі дакументы, звязаныя з колькасным складам АМАП (атрад міліцыі асаблівага прызначэння) ГУУС Мінгарвыканкама. 

На сёння ў ім налічваецца 637 штатных адзінак. Па стане на лістапад 2020 года атрад быў укамплектаваны на 91,5% — гэта значыць, у ім былі 583 супрацоўнікі. 

Са жніўня да лістапада з АМАП сышлі 156 чалавек (24%). 106 з іх звольніліся, 50 — перавяліся ў іншыя службы. На іх месца ў мінскі АМАП прынялі 153 чалавекі, некамплект на пачатак снежня склаў 54 адзінкі.

Праўда, у табліцы няма графы "Усяго", таму яе можна інтэрпрэтаваць і іншым спосабам.

Напрыклад, лёгка заўважыць, што ў графе пра звальненне і прыём у шэрагі АМАП лічбы ідуць па нарастаючай, і іх не трэба складаць паміж сабой. Такім чынам атрымаецца, што з лютага да лістапада 2020 года мінскі АМАП пакінулі 47 байцоў: 33 былі звольненыя, а яшчэ 14 пераведзеныя ў іншыя падраздзяленні. За той жа час на службу ў АМАП было прынята 45 супрацоўнікаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.