Быкаў: “Колькасць дыктатараў – гэта заўсёды канстанта”

Пачалося з Туніса. Бэн Алі стаў першай ахвярай “арабскай вясны” і збег у Саудаўскую Аравію. За ім зрынулі егіпецкага прэзідэнта Мубарака і кіраўніка Кот-д’Івуару Гбагбо. Муамару Кадафі і Кім Чэн Іру прыйшлося горш. Другі памёр уласнай смерцю, першага з асаблівай жорсткасцю забілі раз’юшаныя паўстанцы. Шосты дыктатар – йеменскі Абдулах Салех. Пасля таго, як Салеха моцна паранілі, ён вырашыў адмовіцца ад улады.

Еўрарадыё запыталася ў пісьменніка, рэдактара левай газеты “Завтра” і вялікага прыхільніка Лукашэнкі Аляксандра Праханава, ці ёсць у гэтым нейкая касмічная заканамернасць.

“Ну, можа быць, насамрэч, я думаю, што такі ўраджайны год. Бываюць гады мажныя, а бываюць чахлыя. Вось зараз такі мажны год. А наступны год будзе звязаны з падзеннем не дыктатараў, а такіх дэмакратычных ліберальных палітыкаў. Можа быць, Абама сыдзе, можа быць, Сарказі. Вось Берлусконі сышоў, хоць ён не быў дыктатарам, а такі еўрапейскі дурачок, але ён таксама сышоў. Таму тут няма нейкай касмічнай заканамернасці, разумееце?”

Так што чакаць паступовага вызвалення свету ад дыктатараў, на думку Праханава, пакуль рана.

Расійскі журналіст, пісьменнік і “грамадзянін” Дзмітрый Быкаў, як толькі пачуў пытанне пра сыход дыктатараў ад беларускага журналіста, адразу запэўнівае мяне, што сюрпрызаў не будзе.

“Я хацеў бы перасцерагчы вас ад эйфарыі. Мубарак жывы і дай бог яму здароўя. Кадафі забіты і забіты так, што лепш бы ён быў жывы. Таму што нічога добрага ў такім забойстве дыктатара няма. Ахмадзінежад цудоўна сябе адчувае. Кім Чэн Ір памёр сваёй смерцю. Гэта ўсё з’явы рознага парадку. І ніякай тэндэнцыі не прадугледжваецца”.

Быкаў увогуле дадае, што колькасць дыктатараў не змяняецца.

“Я думаю, што колькасць дыктатараў – гэта заўсёды канстанта. Прыкладная. Якая ў гісторыі чалавецтва заўсёды назіраецца. Прыкладна роўная колькасць дыктатур і дэмакратый”.

У лютым 2011-га году уплывовы часопіс Time надрукаваў спіс дыктатараў, якія павінны сысці ў бліжэйшы час. Яшчэ году не прайшло, а першая тройка са спісу ўжо сышла ў гісторыю. Няма Мубарака, Кім Чэн Іра і ўжо амаль няма Салеха. А чацвёртае месца ў спісе Time, дарэчы, займае кіраўнік Беларусі….

Першым сваёй наседжанай пасады пазбавіўся лідар Туніса Зін эль-Абідзін Бен Алі. 14 студзеня прэзідэнт Бэн Алі адправіў у адстаўку ўрад і прызначыў датэрміновыя парламенцкія выбары. Але ўжо ў той самы дзень ён быў вымушаны пакінуць Туніс пад ціскам народных хваляванняў. Іх удзельнікі патрабавалі неадкладнай адстаўкі Бэн Алі з пасады прэзідэнта і паляпшэння сацыяльнай палітыкі. Гэтыя падзеі пазней назвалі ў прэсе другой “язмінавай рэвалюцыяй”. Першая адбылася ў 1987 годзе, калі Бэн Алі атрымаў пасаду прэзідэнта.

У дадзены момант былы прэзідэнт Бэн Алі атрымаў палітычны прытулак у Саудаўскай Аравіі. Ён кіраваў краінай 24 гады.

Другім звергнутым стаў Хосні Мубарак. Ён быў прызначаны віцэ-прэзідэнтам Рэспублікі Егіпет пасля працяглай службы ў егіпецкіх ВПС. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Мубарака прызначылі прэзідэнтам пасля таго, як прэзідэнт Садат быў забіты на ваенным парадзе 6 кастрычніка 1981. А праз 30 гадоў Мубарак быў зрынуты сам. У выніку рэвалюцыі ў Егіпце ён 11 лютага 2011 года падаў у адстаўку, перадаўшы ўладу Вышэйшаму радзе Узброеных сіл. У красавіку Мубарака ўзялі пад варту і аддалі пад суд. Былы прэзідэнт абвінавачваецца ў злачынствах, па сукупнасці якіх яму пагражае смяротнае пакаранне.

Нумар тры -- Ларан Гбагбо, шматгадовы кіраўнік Кот-д Івуара. 10 красавіка ўзброеныя сілы Францыі і ААН зноў нанеслі ўдары па пазіцыях сіл Гбагбо ў Абіджане. Прычынай стала грубае парушэнне выбарчага заканадаўства. Гбагбо проста адмяніў вынікі выбараў, якія прайграў, і распачаў у краіне грамадзянскую вайну. Ужо 11 красавіка Гбагбо быў захоплены французскім спецназам і перададзены прыхільнікам Уаттары – пераможцы выбараў. 18 жніўня 2011 году Гбагбо абвінавацілі ў эканамічных злачынствах і ўзялі пад варту.

А ў лістападзе даставілі ў Гаагу, дзе ён паўстаў перад Міжнародным крымінальным судом. Яму прад’явілі абвінавачванні па 4-х пунктах у здзяйсненні злачынстваў супраць чалавецтва. Краінай Гбагбо кіраваў 11 гадоў.

Муамар Кадафі кіраваў Лівіяй 42 гады. 27 ліпеня 2011 году міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Кадафі за арганізацыю забойстваў, затрыманняў і пазбаўлення волі паўсталых лівійцаў. 21 жніўня лівійскія паўстанцы ўвайшлі ў Трыпалі і Муамар Кадафі канчаткова страціў уладу ў краіне. Раніцай 20 кастрычніка Кадафі трапіў у палон да паўстанцаў непадалёк ад роднага Сірта і праз некалькі гадзін быў забіты. Яго парэшткі таемна пахавалі ў Лівійскай пустыні.


Кім Чэн Ір паводле афіцыйнай біяграфіі нарадзіўся ў таемным партызанскім лагеры ў гарах Пэктусан у Карэі ў 1942. Савецкія і кітайскія крыніцы сцвярджаюць, что ён нарадзіўся ў сяле Вяцкае Хабараўскага краю, РСФСР, СССР у 1941 і быў названы Юрый Ірсенавіч Кім.

У 1961 уступіў у Працоўную партыю Карэі. З 1964 — у Цэнтральным камітэце партыі. З 1973 — Сакратар ЦК партыі, з 1974 — член Паліткамітэта, з 1980 - член Прэзідыума, з 1982 - дэпутат Вярхоўнага Народнага Сходу КНДР, з 1991 - Вярхоўны галоўнакамандуючы, з1992 - маршал Паўночнай Карэі, з 1993 - старшыня Дзяржаўнага камітэта абароны Паўночнай Карэі.

Пасля смерці ў 1994 годзе свайго бацькі - прэзідэнта Кім Ір Сена, стаў кіраўніком дзяржавы з афіцыйным тытулам "вялікі кіраўнік". Яго кіраванне працягвалася 17 гадоў.

Алі Абдулах Салех таксама кіруе 17 гадоў. 3 чэрвеня ў выніку абстрэлу паўстанцамі мячэці на тэрыторыі прэзідэнцкай рэзідэнцыі былі параненыя сам Салех, а таксама прэм'ер-міністр і спікер парламента, пры гэтым загінулі сямёра ахоўнікаў. На наступны дзень прэзідэнт прыбыў на лячэнне ў Саудаўскую Аравію. Паводле паведамлення амерыканскіх СМІ, Салех сур'ёзна пацярпеў пры выбуху.

Пасля трохмесячнага лячэння Салех 23 верасня вярнуўся ў Емен, дзе з новай сілай ўспыхнулі акцыі пратэсту. 23 лістапада ў Эр-Рыядзе, у прысутнасці караля Саудаўскай Аравіі, Алі Абдала Салех падпісаў распрацаваны Саветам супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва дагавор па перадачы ўлады ў краіне, застаючыся на працягу трох месяцаў ганаровым прэзідэнтам.

Спіс часопіса Time. Рэйтынг з 10 пазіцый выглядае наступны чынам:

1. Хосні Мубарак (Егіпет)

2. Алі Абдуллах Салех (Емен)

3. Кім Чэн Ір (КНДР)

4. Аляксандр Лукашэнка (Беларусь)

5. Амар аль-Башыр (Судан)

6. Махмуд Ахмадзінежад (Іран)

7. Роберт Мугабэ (Зімбабвэ)

8. Эмамалі Рахмонаў (Таджыкістан)

9. Кіруючая дынастыя Саудаўскай Аравіі

10. Абдэльазіза Бутэфліку (Алжыр)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі