Вы тут

Будаўніцтва "Газпрам-цэнтра" ў Мінску зноў "замарозілі"

Будаўніцтва "Газпрам-цэнтра" / Прэс-служба "Газпрам трансгаз Беларусь"

Чарговы раз прыпыненае будаўніцтва шматфункцыянальнага "Газпрам-цэнтра" ў Мінску на месцы аўтавакзала "Маскоўскі". Паўза абвешчаная на тры месяцы. Адік пайшоў з 1 студзеня, піша TUT.by са спасылкай на свае крыніцы.

Шматпакутнае будаўніцтва 189-метровага будынка цягнецца з 2015 года. Але ў 2016 годзе будоўлю закансервавалі. Было абвешчана, што праблемы ўзніклі праз складаныя грунты на пляцоўцы. Пэўны час там вяліся геалагічныя даследаванні.

У 2018 годзе на аб'екце з'явіўся новы генпадрадчык — італьянскі Codest International. У 2020-м на будоўлі вяліся актыўныя работы: у верасні рабочыя завяршылі бетанаванне падмуркавай пліты.

У лістападзе кампанія "Газпрам трансгаз Беларусь", якая выступае заказчыкам будаўніцтва, папрасіла матчыну кампанію "Газпрам" звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі, каб перанесці тэрмін здачы будоўлі на канец 2024 года. Але беларускія ўлады не працягнулі тэрмін дзеяння інвестыцыйнай дамовы, якая давала заказчыку шэраг прэферэнцый і льготаў. А "Газпрам" у сваю чаргу не зацвердзіў новы каштарыс на будаўніцтва комплексу ў Мінску. У выніку будоўлю прыпынілі на 3 месяцы.

Не выключана, што будаўніцтва зноў закансервуюць і правядуць рэструктурызацыю праекта ў бок яго змяншэння. 

У комплексе меркавалася размясціць офісы беларускіх "дачок" "Газпрама", гатэль, паркінг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс і медцэнтр.

Мінскія ўлады могуць выставіць заказчыку будаўніцтва штраф за нясвоечасовую здачу аб'екта. Крыніцы TUT.by мяркуюць, што лёс цэнтра будзе вырашацца на перамовах кіраўніцтва Беларусі і "Газпрама". 

У кампаніі "Газпрам трансгаз Беларусь" каментароў наконт будаўніцтва не даюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.