BSSF заклікаў арганізатараў ЧЕ па веласпорце на трэку перанесці турнір з Мінска

У 2013 годзе Мінск прымаў чэмпіянат свету па веласпорце на трэку / minskarena.by​
У 2013 годзе Мінск прымаў чэмпіянат свету па веласпорце на трэку / minskarena.by​

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (BSSF) звярнуўся да Еўрапейскага веласіпеднага саюза (UEC) з просьбай адмовіцца ад правядзення ў Беларусі чэмпіянату Еўропы па веласпорце на трэку.

Па плане турнір павінен прайсці ў Мінску з 23 па 27 чэрвеня 2021 года.

"Паводле інфармацыі фонду, кіраўніцтва Еўрапейскага веласіпеднага саюза не мае намеру пераносіць чэмпіянат Еўропы з Беларусі. Месца і даты правядзення мерапрыемства захоўваюцца ў каляндарным плане Еўрапейскага веласіпеднага аб'яднання",гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на старонцы BSSF у Facebook.

Прадстаўнікі фонду нагадалі спартовым функцыянерам з UEC пра фальсіфікацыю выбараў, масавыя пратэсты і жорсткі ўціск нязгодных — пра тое, што са жніўня 2020 года "дзясяткі тысяч беларусаў былі збітыя, больш за 33 тысячы мірных грамадзян былі затрыманыя, больш за 500 падвергліся знявазе і катаванням" толькі таму, што "яны адважыліся адкрыта выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю".

Аўтары звароту адзначылі, што рэпрэсіям за сваю грамадзянскую пазіцыю падвяргаюцца і спартоўцы. За сем месяцаў у BSSF паступіла больш за 100 зваротаў ад прадстаўнікоў спартыўнай індустрыі.

Прадстаўнікам Еўрапейскага веласіпеднага саюза таксама нагадалі пра пазіцыю міністраў спорту краін ЕС. У лютым 2021 года апошнія выказалі сваю занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі і выступілі з заявай аб немагчымасці правядзення міжнародных спартыўных спаборніцтваў у краіне, дзе так парушаюцца правы чалавека. 

Таму Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці і заклікаў Еўрапейскі веласіпедны саюз перанесці чэмпіянат Еўропы на трэку — 2021 з Беларусі.

"Веласпорт не павінен асацыявацца з падтрымкай гвалтоўных дзеянняў рэжыму Лукашэнкі", —падкрэсліваецца ў звароце.

Раней, нагадаем, падобнае рашэнне — аб пераносе турніру — прыняла Міжнародная федэрацыя хакея. Матчы чэмпіянату свету, якія мусілі прайсці ў Мінску, прыме Рыга.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі