Вы тут

Брэст-а-партэ: горад, які становіцца сталіцай моды — а вы і не заўважылі

Брэсцкія дызайнеркі Кацярына і Аксана / калаж з фота shopogoliki.by

Барабаншчык Бі-2 Барыс Ліфшыц горача любіць касцюмы ад брастчанкі Наталлі Ляхавец. У мінскім трэнд-парку поўна стэндаў маладых брэсцкіх брэндаў. А расіяне, якія раней прыязджалі на шопінг на брэсцкі трыкатажны рынак, цяпер прыходзяць за пакупкамі ў брэсцкія анлайн-рытэйлеры. Тавары адтуль з'язджаюць і ў расійскія пасёлкі за палярным кругам, а яшчэ ў Аўстралію, ЗША, Краіны Еўропы.

З феноменам брэсцкіх дызайнераў, пра якіх ведаюць нямногія беларусы і многія расіяне, разбіралася Еўрарадыё.

“Люблю шыць для прыгожых людзей”

Наталля Ляхавец плакала кожны раз, як глядзела дакументальны фільм пра дызайнера Аляксандра Маккуіна. Яе ўборы ёсць у многіх расійскіх селебрыці, але яна кажа — каб называцца дызайнерам, трэба дасягнуць узроўню Маккуіна.

Барабаншчык Бі-2 вырашыў не чакаць гэтага моманту. Ён ужо цяпер не адпраўляецца на гастролі без убранняў ад Ляхавец. Плюс да гэтага, Наталля ўвайшла ў склад распрацоўшчыкаў мерчу групы.

"Чараўніца Наталля Ляхавец зрабіла мне новы касцюм для тура. Такіх камфортных пераездаў у мяне ніколі не было " / сацсеткі Барыса Ліфшыца

А пачынала працаваць Наталля на адной з брэсцкіх фірмаў. Там шылі вопратку, якая вялізнымі партыямі з'язджала ў Расію.

— Феномен Брэста ў тым, што там заўсёды было шмат швейных фірмаў, можна атрымаць велізарны досвед. Я з'ехала адтуль дзесяць гадоў таму, і ўжо тады колькасць фірмаў вылічалася сотнямі. Галоўным чынам, гэта прыватныя кампаніі.

Уладальніца адной з такіх кампаній заўважыла Наталлю, перавяла яе працаваць у лабараторыю. Тая кампанія ў асноўным працавала на расійскі рынак, часам на месяц шылі дзесяць тысяч адзінак. Але вельмі ўжо моднічать баяліся — раптам пакупніцы не зразумеюць.

Але менавіта тады будучая дызайнерка пачала вучыцца малюнку і вырашыла стаць мадэльерам. Потым — Млын моды, пахвала Аляксандра Варламава.

— І тады я вырашыла — я дызайнерка, — смяецца жанчына.

Тады, 10 гадоў таму, на адной з брэсцкіх фірмаў Наталлі сказалі — ты занадта модная для нас. Але для расійскіх селебрыці яна апынулася моднай у самую меру.

— Нядаўна мне патэлефанавалі з Масквы. Кажуць — трэба пашыць касцюм для Вані Дзмітрыенкі [пятнаццацігадовы аўтар хіта "Венера-Юпітар" з 15 мільёнамі праглядаў на YouTube]. Як толькі я камусьці распавядаю, мне кажуць — ну нічога сабе! Я пытаюся — а нічога, што я для Бі-2 таксама шью? — зноў смяецца Наталля.

Яна прызнаецца — вельмі любіць шыць вопратку для прыгожых людзей. Бубнач Бі-2 Барыс Ліфшыц аказаўся ідэальнай мадэллю.

Мерч для групы Бі-2 / фота Instagram

Ад Аўстраліі да Ямала

Запыт у гугле "адзенне беларускіх вытворцаў" выдасць больш за дзясятак інтэрнэт-крам, у кожнай з якіх ёсць люстэрка для рускамоўнай аўдыторыі. Кошты там будуць прадстаўленыя не толькі ў беларускіх, але і ў рускіх рублях, доларах і еўра. Пра тое, куды прадукцыя беларускіх брэндаў адпраўляецца часцей за ўсё, Еўрарадыё паразмаўляла з менеджаркай аднаго з такіх анлайн-рытэйлераў Podium-Brest Вольгай.

Коратка апісаць геаграфію продажаў можна так — ад Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі на лініі палярнага круга да Аўстраліі. Пра гісторыю ператварэння Брэста ў сталіцу pret-a-porter раскажам падрабязней.

— Брэст — тэрытарыяльна вельмі цікавы рэгіён. Мы знаходзімся на мяжы, у нас першых стартавала швейная вытворчасць. З тканінамі, з фурнітурай мы пазнаёміліся даўно і асабіста. У нулявых, калі рынак насыціўся танным таварам, калі пачалася хваля падзення долара, частка кампаній, якія арыентаваліся на хуткія грошы, разваліліся. Зніклі ўсе, хто працаваў на, здавалася б, бяздонную Расію. Канкураваць з танным адзеннем з Кітая і Туркменістана Беларусь не магла. Тады ў Брэсце засталіся толькі тыя вытворчасці, якія мелі сур'ёзны вопыт, кіраўнікі якіх ведалі, як вылучыцца. З сямісот швейных кампаній зачынілася больш за палову. Засталіся моцныя, крэатыўныя, цікавыя вытворчасці.

 

Злева — сукенка ад беларускага вытворцы, справа — ад папулярнага італьянскага моднага дома

Вольга кажа, што брэсцкія брэнды эвалюцыянуюць не толькі ад года да года, але нават ад калекцыі да калекцыі. За мяжой, напрыклад, у Еўропе, ЗША, Аўстраліі, першымі становяцца эмігранты. Старэйшаму пакаленню падабаюцца старыя добрыя мадэлі сукенак з бліскаўкамі, іх дзеці адкрываюць для сябе працы маладых дызайнераў. Ад іх пра брэсцкія анлайн-крамы даведаюцца мясцовыя жыхары, і тады эмігрант становіцца перакладчыкам, а аўстраліец — кліентам брэсцскіх дызайнераў.

— Калі людзі бачаць кошт трох сукенак, яны гатовыя заплаціць за перасылку і чакаць два месяцы, калі заказ прыйдзе ў Аўстралію. Таму што там за гэтыя грошы яны нават адной сукенкі не купяць, — кажа Вольга.

Расіяне беларускае адзенне па-ранейшаму любяць, але не толькі ў Маскве.

— Пра існаванне некаторых населеных пунктаў я даведалася, толькі папрацаваўшы з анлайн-крамай. Часам дастаўка туды магчымая толькі авіяпоштай.

Узровень брэсцкіх брэндаў змяняецца не толькі ад сезона да сезона, але і ад калекцыі да калекцыі

Дазволіць сабе супрацоўнічаць з буйнымі анлайн-рытэйлерамі многія беларускія брэнды проста не могуць.

— Спецыфіка працы швейных кампаній у тым, што гэта хуткая індустрыя. За сезон асартымент мяняецца два-тры разы. А некаторыя вядомыя анлайн-крамы патрабуюць замарожваць калекцыю на тры-чатыры месяцы. Кампанія, якая за сезон мяняе 3-4 калекцыі, не можа сабе гэтага дазволіць.

 

А што ведаюць пра брэсцкія брэнды беларусы?

Моладзь купляе моўчкі, іх наогул не трэба пераконваць звярнуць на нешта ўвагу.

— Яны не будуць перапытваць, ці камячыцца лён. Гэта пакаленне, якое арыентуецца на інтуіцыю, ім не патрэбна лішняя інфармацыя. Гэта пакаленне дзеяння. А ёсць катэгорыя дам старэйшых, якія часам успрымаюць менеджара інтэрнэт-крамы як сяброўку і суразмоўцу.

Новая калекцыя аднаго з брэсцкіх брэндаў

Называць Брэст сталіцай моды ў поўным сэнсе Вольга не бярэцца. Мы сыходзімся на тым, што Брэст можна лічыць сталіцай pret-a-porter.

— Але калі гаварыць пра зручную вопратку сярэдняга цэнніка, разлічаную на сярэднестатыстычную беларускую сям'ю, то Брэст цалкам можа быць тут сталіцай.

І, дарэчы, ад ўзросту пачуццё густу не залежыць.

— У нас ёсць цудоўная кліентка, якая адзначыла 80-годдзе. У мінулым годзе ў яе была задача купіць камізэльку з сталёвай тканіны. Уцепленую падшываную спартыўную камізэльку. Бабуля сказала — дзеці і ўнукі мяне любяць моднай. І такіх у нас становіцца шмат.

 

Як адчуць моду: досвед брэнда R.O.S.E

Не ўсе могуць дазволіць сабе дарагія брэнды. Але можна паспрабаваць падабраць вобраз, які будзе выглядаць дорага і стылёва, у шоу-румах беларускіх дызайнераў.

Аксана і Каця — сяброўкі. Яны проста хацелі шыць тое, што прыемна было б бачыць ва ўласным гардэробе. Так нарадзіўся брэнд R.O.S.E

Дызайнеркі Аксана і Каця ў вырабах уласных калекцый / сацсеткi

І хоць профільнай адукацыі ў дызайнераў няма, затое ёсць любоў да моды і пачуццё стылю. 

— Кліенты заўсёды вылучалі нашыя швы. Мы з Кацяй распорвалі ўласнае дарагое брэндавае адзенне, вывучалі, як зроблена кожнае шво. А потым паўтаралі іх у сваіх калекцыях. Нам хацелася, каб нават кожнае шво выраба было крутым і якасным. 

Стваральніцы брэсцкага брэнда R.O.S.E. / калаж з фота shopogoliki.by

Пераасэнсаваннем калекцый з сусветных подыумаў заняты і сусветныя брэнды мас-маркету. Але не патрэбна параўноўваць умоўную Zara з брэндамі, лакалізаванымі ў Беларусі, кажа Аксана.

— Мы не паўтараем адной мадэлі тысячу разоў. Кожную “адзінку” выраба зберагаем. Вядома, чым менш сукенак мы адшываем, тым вышэйшая нацэнка. Гэта простая матэматыка. Да таго ж, і тканіны мы закупляем у дастаўнікоў. У адрозненне ад нас, міравыя вытворцы мас-маркету могуць сабе дазволіць купіць тканіны наўпрост у Турцыі ці Кітаі.

Касцюмы і сукенкі Аксаны і Каці часам ідуць не толькі ў Мінск, але і ў Расію, Украіну, еўрапейскія краіны. Бывалі заказы і з ЗША, і з ААЭ.

 

Дызайнеркі імкнуліся дамагчыся такога ўзроўню, каб нават у швах не саступаць сусветным брэндам / калаж з фота shopogoliki.by

— Дызайнераў у Брэсце менш не робіцца, нараджаюцца ўсе новыя і новыя брэнды. Тут ужо аформілася супольнасць людзей, якія працуюць з тэкстылем. У некага ёсць свае фабрыкі, свая вытворчасць, свае наёмныя супрацоўнікі, у некага — толькі лабараторыя. А каб і дзяржаўныя кампаніі падцягнуліся да узроўня індывідуальных дызайнераў, сярод супрацоўнікаў павінныя быць крэатыўныя людзі, якія працуюць над сабой, развіваюцца, імкнуцца пазнаёміцца з тэндэнцыямі моды. А для гэтага патрэбен жывы, крэатыўны розум.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.