Вы тут

"Брацкая цана рамонту": як Беларусь мадэрнізуе МіГ-29 для Сербіі

Перадача самалётаў МіГ-29 Сербіі / БелТА

Беларусь мадэрнізуе чатыры МіГ-29 па "брацкай цане". Пра гэта заявіў прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч пасля візіту ў Беларусь, паведамляе сербскае выданне Informer. Сербія павінна атрымаць самалёты да канца 2019 года.

Паводле інфармацыі сербскага выдання, у цяперашні час вядзецца дапрацоўка і мадэрнізацыя чатырох МіГ-29 на авіярамонтным заводзе ў Баранавічах.

"Я дзякую прэзідэнту Лукашэнку за ахвяраванне чатырох МіГ-29 і тое, што цэны на капітальны рамонт, якія мы атрымалі, вельмі спрыяльныя. Беларусь істотна дапамагла абарончым магчымасцям Сербіі, і мы вельмі ўдзячныя за гэта", — заявіў пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч.

Беларусь перадала Сербіі чатыры МіГ-29 у лютым 2019 года ў рамках ваенна-тэхнічнай дапамогі. Яны засталіся ў Беларусі на мадэрнізацыю навігацыйнай сістэмы і, магчыма, сістэмы ўзбраення і радыёэлектроннай абароны. Мяркуецца, што дапрацоўка самалётаў зойме да паўтара года.

"Разам з гэтымі чатырма МіГ-29 сербская ваенна-паветраны флот будзе самым магутным на Балканах", лічыць сербскае выданне Informer.

Ваенна-палітычны аглядальнік "Политики" Міраслаў Лазанскі заявіў сербскаму выданню Informer, што беларускія версіі "мігаў" адны з самых сучасных у свеце:

"У Беларусі высокадакладная тэхніка і механіка, яна якасна рамантуе самалёты. У іх вельмі магутная авіяцыя, і іх версіі МіГ мадэрнізаваны да сучаснага ўзроўню. Яны палепшаць гэтыя чатыры МіГ-29 да ўзроўню астатніх дзесяці самалётаў, якія ў нас ёсць, за сімвалічную цану".