Вы тут

Бойся адваротнага эфекту: ці ўсе гатовыя на эканамічныя ахвяры дзеля перамен?

Вольга Харламава ў студыі Еўрарадыё

Не варта думаць, што ўсе беларусы аднолькава патрабуюць санкцый. Бо беларусы карыстаюцца рознымі крыніцамі інфармацыі, запэўнівае слухачоў Еўрарадыё палітолаг Вольга Харламава.

— Для тых, каму мяне балюча слухаць, ёсць парада: пад’едзьце а чацвёртай гадзіне да МЗКЦ, там заканчваецца змена, ідзе паток людзей. Злавіце любога і запытайцеся, як яны ставяцца да санкцый. МЗКЦ — гэта не сто і не тысяча людзей.

Харламава нагадвае: санкцыі могуць адштурхнуць людзей ад дэмакратыі. Калі людзі губляюць заробкі і звыклы лад жыцця, яны могуць прыняць простае тлумачэнне: вы сталі жыць горш праз санкцыі.

Нават людзі, якія выступалі за змены, могуць пачаць задумвацца не пра тое, “хто сапраўды вінаваты”, а пра тое, хто загнаў у цяперашнюю крызісную сітуацыю. Адказ можа быць просты: той, хто патрабаваў санкцый. І такія санкцыі могуць прынесці не выгаду, а адваротную рэакцыю.

Сваю пазіцыю можна данесці да падпісчыкаў ютуб-канала і тэлеграм-канала. Але пасля варта прыгадаць, колькі ў Беларусі падпісчыкаў сэрвісу Zala.

— А гэта падпісчыкі БТ і расійскіх каналаў. І калі год таму яны вагаліся, дык зараз падчас пастаянна неспакойнага інфармацыйнага фону яны могуць пачаць сумнявацца. Мабыць, год таму я памыляўся. Бо з усіх бакоў мне кажуць: вось хто вінаваты і цягне Беларусь у бездань. Мабыць, гэта так: бо год таму жылося лепей.

І мала хто задумваецца, што ёсць агульнапалітычная сітуацыя, агульнапалітычны крызіс.

Харламава нагадвае, што беларусы губляюць і друкаваную прэсу. У вёсках пажылое насельніцтва традыцыйна верыць друкаваным СМІ. Знікаюць незалежныя СМІ, а друкаваныя раёнкі застаюцца. Акрамя іх і дзяржаўнага тэлебачання людзям у гэтых мясцінах краіны нічога не застаецца.

Ці ўсе аднолькава патрабуюць санкцый? Меркаванне палітолага Вольгі Харламавай

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.