“Бомба” з малака: Мінчанка разагрэла ў кубку малако, а яно… выбухнула

“Вырашылі пагрэць малако ў мікрахвалёўцы, — распавядае мінчанка Зоя. — Мікрахвалёўка не старая, вядомай фірмы. Грэлі ў кубку, які можна выкарыстоўваць у печках. Прыкладна хвіліну кубак з малаком грэўся, а пасля мы пачулі выбух. Падумалі, што кубак лопнуў, але адкрылі печку, уся яна залітая малаком, а кубак цэлы, і ў ім яшчэ палова малака засталася. Дасталі кубак, паставілі на стол, і я вырашыла праверыць ці не “зварылася” малако. Толькі ўставіла лыжку, як адбыўся яшчэ адзін, больш моцны выбух”.

Вядучы інжынер рамонтнай майстэрні пры заводзе “Гарызонт” кажа, што ўпершыню сутыкаецца з такім выпадкам. Малако можна грэць у мікрахвалёўках, галоўнае — сачыць, каб яно не збегла, перакананы Аляксандр Міхайлавіч. Маўляў, хутчэй за ўсё, жанчына проста спужалася, таму і апісвае звычайнае выкіпанне, як выбух.

Але пасля здарэння на твары і грудзях Зоі засталіся апёкі. Адна з кропляў гарачага малака трапіла пад брыво і ў жанчыны ацякло вока. Малако, нават, давялося выціраць са сцен ды столі кухні.

“Самі мікрахвалёўкі грэюць за кошт руху малекул вады туды-сюды, — спрабуе патлумачыць магчымыя прычыны выбуху акадэмік-сакратар аддзялення фізіка-тэхнічных навук Нацыянальнай акадэміі навук, доктар тэхнічных навук Аляксандр Ласкаўнёў. — Калі малако цэльнае, то аддзяліць ваду і іншых складнікаў малака немагчыма і яно проста нагрэецца. Але калі малако, як у нас робяць, з парашку, то будзе выбух, бо яно выкінецца. Атрымліваецца, што шлях прабегу малекул вады нічым не заціснуты і яны могуць бегчы ў любы бок, а адпаведна, яны выкінуцца. А калі вада звязаная, то абавязкова нагрэе”.

Мінчанка Зоя спрабавала нагрэць малако, на бутэльцы якога напісана “нармалізаванае”, а пра тое, цэльнае яно, ці парашковае — нічога.

“Гэта значыць, што яно нармалізаванае на вызначаны тлушч, — тлумачаць тэхнолагі кампаніі, якая выпускае гэтую марку малака. — У нас стаіць сучаснае абсталяванне — сепаратар, які раздзяляе малако з-пад каровы на дзве фракцыі: вяршкі і абястлушчанае малако. А пасля ў патоку абястлушчанае малако прапускаюць праз вузел нармалізацыі, дзе да яго дадаюцца вяршкі, у той колькасці, у якой патрэбна для атрымання пэўнай тлустасці”.

Тэхнікі пераконваюць, што ўся прадукцыя іх прадпрыемства цэльная, з парашку яны нічога не вырабляюць. Тым больш, Зоя не першы раз грэла менавіта гэта малако менавіта ў гэтым кубку і гэтай жа мікрахвалёўцы і нічога падобнага не адбывалася.

“Сухое малако вельмі дробнадысперснае, — разважае кандыдат фізіка-матэматычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі моцнаточнай электронікі НДМ ядзерных праблем БДУ Віктар Карповіч. — Калі нават яно цалкам не распусцілася, то можа стварацца нейкая капсуляваная субстанцыя, але гэта мікравыбухі былі б. Ну, пыхцела б яно і ўсё. А тут самае цікавае тое, што адбылося пасля, калі апусцілі лыжку. Прайшоў нейкі разрад, то бок малако іянізавалася. У малацэ з’явіліся электрычныя зарады, якія пад уздзеяннем знешняга электрычнага поля нейкім чынам размеркаваліся ўздоўж лініі сілавога поля. І тады ў месцах канцэнтрацыі адбылася гэтая анамалія. Больш за тое, яна захавалася. Але ўсё гэта рэч, якую трэба пераправяраць. Я сапраўды маю вельмі вялікі досвед працы са звышвысокачастотным выпраменьваннем і не з печкамі, а значна большымі магутнасцямі. І каб такое здаралася з вадкасцямі, я сапраўды ўпершыню чую”.

Каб зрабіць больш дакладныя высновы, Віктар Аркадзевіч прапанаваў зрабіць аналіз гэтага малака. Адзінае больш-менш падобнае на тлумачэнне Еўрарадыё знайшло ў адной з серый знакамітай праграмы канала Discovery “Разбуральнікі легенд”, праўда там выбухае дыстыляваная вада.

Ці не гэтая ўласцівасць беларускага малака прывяла да забароны яго ўвозу ў Расію? З яго ж можна рабіць выбухоўку:)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі