Блогер, якога не ўзялі ў Adidas праз беларускую мову: Я не крыўдую на краму

Блогер, якога не ўзялі ў Adidas праз беларускую мову: Я не крыўдую на краму

Блогер Ягор Тубялевіч, якога не ўзялі на працу ў мінскую краму Adidas таму, што ён размаўляе на беларускай мове, не крыўдуе, але хоча, каб сітуацыя больш не паўтарылася.

“Я не крыўдую на краму. Гэтая сітуацыя зачапіла мой гонар, як беларуса. Чалавек, які мне адказаў, не кампетэнтны, а словы прабачэння ад прадстаўнікоў добрыя, — распавёў Еўрарадыё Тубялевіч. — Што праўда, ліст з прабачэннямі яны чамусьці выслалі на скрыню тэлеканала “Белсат”, а не асобна мне. Гэта дзіўна. Але галоўнае, каб сітуацыя не паўтарылася, і не толькі з Adidas”.

18 траўня хлопец сустрэўся з прадстаўнікамі кампаніі “SPORTgoods”, якая прадстаўляе ў Беларусі брэнды Adidas і Reebok.

“[Мне] прынеслі асабістыя прабачэнні, — распавёў Тубялевіч пасля сустрэчы. — Сказалі, што пазбавяць прэміі таго супрацоўніка [які адмовіў Ягору ў працаўладкаванні. — Еўрарадыё]. Магчыма, панізяць у пасадзе. І прапанавалі ў якасці кампенсацыі разавую зніжку пры пакупцы”.

Ягор Тубялевіч хацеў уладкавацца ў краму Adidas у гандлёвым цэнтры "Карона-Замак". Супрацоўнік крамы адмовіўся ўзяць яго на працу, калі хлопец сказаў, што ў жыцці размаўляе па-беларуску. Пры гэтым Тубілевіч не адмаўляўся гаварыць з пакупнікамі па-руску, але пра гэта ў яго ніхто нават не пытаўся.

Сітуацыя выклікала вялікі розгалас. Ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў лічыць, што мела месца дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце. Юрыст Ігар Случак звярнуўся ў Мінгарвыканкам з просьбай прыцягнуць супрацоўніка крамы да адміністрацыйнай адказнасці. Каментары праваабаронцаў былі стрыманымі — яны звярталі ўвагу на неадназначнасць сітуацыі але заўважалі што бізнес мае права сам вырашаць, каго наймаць а каго — не.

Сёння кампанія “SPORTgoods” пагадзілася ўзяць Ягора Тубялевіча на стажыроўку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі