Вы тут

Бізнес-анёла Астрынскага за БЧБ-сцяг з "Пагоняй" аштрафавалі на 580 рублёў

Валерый Астрынскі з жонкай Таццянай Бакланавай / facebook.com

Суд Іўеўскага раёна 18 студзеня аштрафаваў ІТ-інвестара Валерыя Астрынскага, якога затрымалі ўвечары ў суботу за бел-чырвона-белы сцяг з "Пагоняй", піша dev.by. Астрынскі павінен заплаціць 580 рублёў (20 базавых велічынь).

Як распавядала Еўрарадыё, інвестара і бізнес-анёла Астрынскага затрымалі ўвечары 16 студзеня. Прычынай стаў сцяг з "Пагоняй", узняты над калодзежам каля дома. Хутар Астрынскага знаходзіцца сярод лесу, да бліжэйшага паселішча некалькі кіламетраў.

Тым не менш міліцыя заявіла, што на сцяг паскардзіўся нехта з суседзяў. Астрынскага абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага адзіночнага пікету. 

Дарэчы, Астрынскі ўваходзіць у топ-200 паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў Беларусі, па версіі выдання "Ежедневник". На Еўрарадыё ён быў госцем праграмы "Стартапніца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.