Без намёкаў. Як у СССР змагаліся са стылягамі

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава 
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава 

Проста сваім існаваннем яны шкодзілі дзяржаўнай ідэалогіі, у якой была манаполія на вольны час моладзі.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае, як у СССР змагаліся са стылягамі. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.

Слова “стылягі” ўпершыню было ўжытае ў фельетоне, апублікаваным у часопісе “Кракадзіл” у 1949 годзе, і з таго часу ўвайшло ва ўжытак савецкіх СМІ. У іх бачылі “варожасць” да сацыялістычнага ладу: апраналіся не так, слухалі не тую музыку, бавілі час не так, як мусіць узорны савецкі грамадзянін.

Як яны выглядалі? Неймаверна вузкія штаны, доўгі двухбортны пінжак вельмі яркай афарбоўкі і такая ж яркая кашуля, гальштук з экзатычным малюнкам, каляровыя шкарпэткі і чорныя акуляры. У параўнанні са сярэднестатыстычным “таварышчам” усё гэта выглядала абуральна.

Вядома, што з імі трэба было змагацца. Але як? Складанасць была ў тым, што фармальна закон стылягі не парушалі… У СССР можна было пасадзіць за дармаедства, але практычна ўсе стылягі былі працаўладкаваныя або вучыліся.

Без намёкаў. Як у СССР змагаліся са стылягамі

Заставаліся грамадскія метады ўздзеяння. Для барацьбы са стылягамі ствараліся "брыгады добраахвотнага садзейнічання міліцыі", у склад якіх уваходзіла моладзь, узростам роўная стылягам.

Яны і ладзілі разнастайныя аблавы, урываючыся на танцпляцоўкі, у рэстараны і іншыя месцы, адкуль паступаў сігнал аб прысутнасці стыляг. Такія камсамольскія патрулі маглі прымусова састрыгчы кок або парэзаць вузкія штаны і пышныя спадніцы стыляг.

Яшчэ адзін спосаб барацьбы — гэта, вядома, прапаганда. Дзяржаўныя СМІ бачылі ў стылягах толькі “дармаедаў” і “маральных вырадкаў”, што яскрава і наглядна дэманструюць ілюстрацыі ўсё таго ж “Кракадзіла”.

Без намёкаў. Як у СССР змагаліся са стылягамі

Тым не менш, стыляг у СССР рабілася ўсё больш. Надзеўшы свае часцяком пашытыя самастойна рэчы, бунтарская моладзь шпацыравала па “Брадвеях” (так звычайна называлі цэнтральныя вуліцы гарадоў). Асноўныя групы стыляг былі сканцэнтраваныя ў трох гарадах СССР: Маскве, Ленінградзе і Баку.

Усё б так і працягвалася, але ўжо ў 1960-х стылягі адышлі ў нябыт самі. На змену ім з буржуазнага ЗША прыйшла ў СССР іншая плынь — хіпі. Як і стылягі, апраналіся яны не так і слухалі не тую музыкі. Таму і іх паспелі запісаць у “ворагі народа” з аналагічнымі метадамі барацьбы.  

Адметна, што распаўсюду хіпі ў СССР паспрыялі самі савецкія прапагандысты. У часопісе “Вакол свету” з’явіўся артыкул пра моладзь, якая пратэстуе супраць вайны ва В’етнаме: многія будучыя савецкія хіпі даведаліся пра гэтую субкультуру менавіта адтуль.   

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі