Без намёкаў. Як агенты КДБ ліквідавалі за мяжой “збеглых”

Без намёкаў. Як агенты КДБ ліквідавалі за мяжой “збеглых”

Уцячы ад пераследу ў іншую краіну — лепш, чым нічога, але поўнай гарантыі бяспекі гэта не дае. Ёсць некалькі прыкладаў, калі “доўгая рука КДБ” дацягвалася да праціўнікаў рэжыму і за мяжой. 

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае, як СССР вырашаў пытанне “збеглых”. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.

Без намёкаў. Як агенты КДБ ліквідавалі за мяжой “збеглых”

Мікалай Хахлоў — савецкі перабежчык і былы капітан дзяржбяспекі. Ён сам быў у складзе агентаў, што выконвалі дыверсійныя спецаперацыі НКУС. Напрыклад, менавіта Хахлоў у 1943-м быў адным з арганізатараў забойства генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ.

У 1954 годзе Хахлоў разам з групай іншых спецслужбістаў адправіўся ў Заходнюю Германію забіваць лідара Народна-працоўнага саюза і былога белагвардзейца Георгія Акаловіча. Аднак гэтага не адбылося: кілер папярэдзіў сваю ахвяру пра падрыхтоўку замаху. Свой учынак Хахалоў тлумачыў тым, што ўсё больш яму не падабалася палітыка партыі і яе метады. Хахлоў пагадзіўся супрацоўнічаць з ЦРУ. 

У верасні 1957-га экс-сілавік удзельнічаў у канферэнцыі Народна-працоўнага саюза ў Франкфурце-на-Майне. У перапынку яму падалі кубак кавы, ад якога ён адпіў палову. Там апынуўся… радыеактыўны ізатоп (талій ці палоній). Лекары тры тыдні змагаліся за яго жыццё і выратавалі. Недапітая палова кубка з атручанай кавай сыграла сваю ролю. 

І хоць падазраваных у нападзе не затрымалі, але ўсе разумелі, хто “заказчык”.  

Без намёкаў. Як агенты КДБ ліквідавалі за мяжой “збеглых”

Праз месяц пасля няўдалага атручвання Хахлова у Заходняй Германіі памірае адзін з лідараў украінскіх нацыяналістаў Леў Рэбет. Прафесар Украінскага свабоднага ўніверсітэта ў Мюнхене быў знойдзены мёртвым на лесвіцы ўстановы. Паліцыя палічыла, што смерць наступіла ў выніку сардэчнага прыступу.

Без намёкаў. Як агенты КДБ ліквідавалі за мяжой “збеглых”

Праз два гады ў тым жа Мюнхене пры падобных абставінах памірае найбольш аўтарытэтны лідар украінскіх нацыяналістаў Сцяпан Бандэра: яго цела знаходзяць на лесвіцы дома, дзе ён жыў. Лекары спачатку выказалі здагадку, што ён памёр ад удару галавой пры падзенні, якое, у сваю чаргу, адбылося праз параліч сэрца. Аднак следчая экспертыза выявіла ў арганізме Бандэры сляды цыяністага калію. Па гарачых слядах атрутніка схапіць не ўдалося.

Без намёкаў. Як агенты КДБ ліквідавалі за мяжой “збеглых”

Працяг гісторыя атрымае яшчэ амаль праз два гады: у жніўні 1961-га ў Заходні Берлін перабег агент КДБ Багдан Сташынскі. Ён сам прыйшоў у паліцыю, дзе прызнаўся ў забойстве і Рэбета, і Бандэры. Абодвух ён забіў з пісталета-шпрыца, які страляў ампулай з цыяністым каліем.

Сташынскі быў украінскім нацыяналістам, але ў 1950 годзе яго арыштавала і завербавала МДБ. Яго выкарыстоўвалі як агента-правакатара для выяўлення дыслакацыі атрадаў Украінскай паўстанчай арміі. 

Кілера прызналі вінаватым толькі ў дапамаганні забойству, а забойцамі прызналі кіраўніцтва КДБ СССР.  Яго асудзілі на восемь гадоў турмы, з якіх ён адседзеў толькі чатыры. Пасля вызвалення Сташынскі супрацоўнічаў з заходнегерманскай і амерыканскай разведкай. Яго месцапражыванне невядомае. Калі ён яшчэ жывы, то яму павiнна быць 90 гадоў. 

Без намёкаў. Як агенты КДБ ліквідавалі за мяжой “збеглых”

У 1969 годзе балгарскі дысідэнт, пісьменнік і журналіст Георгій Маркаў эміграваў у Вялікабрытанію, ратуючыся ад пераследу на радзіме. Ён пачаў працаваць на Бі-бі-сі. 

У верасні 1978 года Маркаў выйшаў з працы і накіраваўся да свайго аўтамабіля. Праходзячы праз натоўп, ён спатыкнуўся на чыйсьці парасон і адчуў укол. Чалавек з парасонам папрасіў прабачэння і знік.

На наступны дзень у Маркава рэзка паднялася тэмпература: яго шпіталізавалі, але выратаваць не змаглі. Перад смерцю ён паспеў расказаць пра інцыдэнт з парасонам. Пры анатамаванні ў яго лытцы выявілі металічную капсулу з рыцынам. 

Асноўны падазраваны ў забойстве Маркава — італьянец Франчэска Гуліна, які жыве ў Даніі. Ён ніколі не быў асуджаны праз адсутнасць доказаў. Мяркуецца, што ён быў арыштаваны ў Балгарыі за кантрабанду і завербаваны мясцовым КДБ.

Былы генерал-маёр КДБ Алег Калугін, які ў 90-я з’ехаў з Расіі ў ЗША, зрабіў шэраг заяваў-выкрыццяў пра працу савецкіх спецлужбаў. Ён сцвярджае, што менавіта праз яго перадаваліся ўказанні савецкім агентам забяспечыць КДБ Балгарыі парасонам з атрутай. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі