Без намёкаў. Дыктатар пазбег суду ў Гаазе, але ёсць нюанс

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава

Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на яго арышт, аднак перад правасудзем ён не паўстаў.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” узгадвае, як Муамар Кадафі пазбег прысуду ў Гаазе. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.

Кіраўнік Лівіі Муамар Кадафі быў адным з самых адыёзным дыктатараў не толькі рэгіёну, але і свету. Ён прасядзеў на троне 42 гады — з 1969-га, калі арганізаваў антыманархічны пераварот.

Кадафі не прымаў ніякага іншадумства і перажыў з дзясятак замахаў. Наогул за час знаходжання ва ўладзе ён і ўвязваўся ў войны, і ўмешваўся ва ўсе канфлікты ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе. То бок даваў процьму нагодаў для таго, каб не ўтрымацца на троне, але амаль заўсёды выходзіў сухім з вады. Аднак у адну хвіліну яго “шчасце” скончылася...

Без намёкаў. Дыктатар пазбег суду ў Гаазе, але ёсць нюанс

“Арабская вясна” не абмінула і Лівію. 15 лютага 2011 года пасля пратэстаў там пачалася грамадзянская вайна паміж сіламі, падкантрольнымі Кадафі, і ўзброенымі атрадамі Нацыянальнага пераходнага савета Лівіі. Дыктатар, які быў пад пагрозай згубіць уладу, на гэта адрэагаваў рэзка.

27 чэрвеня 2011 года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт Муамара Кадафі за забойствы і пераслед грамадзянскага насельніцтва з лютага 2011-га на ўсёй тэрыторыі Лівіі з выкарыстаннем дзяржаўнага апарата і сіл бяспекі дзяржавы.

Разам з Муамарам Кадафі выдалі ордар на арышт і яго сына — Сейфа аль-Іслама Кадафі і начальніка ваеннай разведкі Лівіі — Абдулы Сенусі.

Да суду справа не дайшла 

У жніўні-верасні 2011 года, пасля некалькіх месяцаў баёў атрады паўстанцаў захапілі лівійскую сталіцу Трыпалі. Яны ўвайшлі ў  рэзідэнцыю Кадафі і, не знайшоўшы там самога дыктатара, абезгаловілі яго пазалочаную статую. Аднак Кадафі, пад кантролем якога заставалася толькі пара паселішчаў, усё роўна не верыў у тое, што адбываецца.

Як пазней расказваў яго начальнік службы ўнутранай бяспекі: "Ён быў засмучаны, ён быў злы, часам нам здавалася, ён вар'яцее... Ён быў перакананы, што лівійскі народ па-ранейшаму яго любіць, нават пасля таго, як мы сказалі яму, што сталіца здалася".

Ужо 20 кастрычніка паўстанцы ўзялі родны горад Кадафі Сірт — апошні аплот яго войскаў. Там паўстанцы злавілі і забілі самаго Кадафі, а таксама яго сына Мутазіма, які камандаваў абаронай горада. Параненага ў абедзве нагі Кадафі захапілі ў палон. Яго пакаралі катаваннямі і згвалтаваннем з дапамогай штыка, а пасля забілі стрэламі ў галаву і жывот.

Без намёкаў. Дыктатар пазбег суду ў Гаазе, але ёсць нюанс

Справа ў дачыненні да Кадафі была завершаная 22 лістапада 2011 года ў сувязі з ягонай смерцю. 11 кастрычніка 2013 года МКС па заяве Лівіі прызнаў непрымальнай справу ў дачыненні да Абдулы Сенусі. Лівія на нацыянальным узроўні расследавала факты ўчыненых ім злачынстваў. У ліпені 2015 года лівійскі суд прыгаварыў Сенусі да смяротнага пакарання. Прыгавор быў абскарджаны ў судзе апеляцыйнай інстанцыі.

Вынік разгляду невядомы. Некаторыя СМІ пішуць, што ў ліпені 2022 года Сенусі знаходзіўся пад вартай. У снежні 2022-га ў апошні момант Лівія адмовіла ў экстрадыцыі Абдулы Сенусі ў ЗША.

У дачыненні да Сейфа аль-Іслама Кадафі канчатковае рашэнне не прынялі. Пакуль яго не арыштуюць і не перададуць у рэзідэнцыю суда ў Гаазе, справа будзе знаходзіцца ў стадыі дасудовага разбору.

У той жа час у 2021 годзе Сейф аль-Іслам Кадафі нават вярнуўся ў лівійскую палітыку. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі