Бернд Штанге пакіне зборную, калі Беларусь не трапіць на чэмпіянат свету?

Калі зборная Беларусі па футболе зойме трэцяе месца ў адборачнай групе чэмпіянату свету-2010, яе чакае "добрая прэмія". Пра гэта паведаміў галоўны трэнер каманды Бернд Штанге на сустрэчы са студэнтамі БДУ. Ён адзначыў, што трэцяе месца будзе поспехам, але яно не дае права выступаць у фінальнай частцы чэмпіянату свету. Таму трэба займаць першае або другое месца, а для гэтага — адсоўваць Украіну і Харватыю.
“Мая асабістая мэта як трэнера — прабіцца на чэмпіянат свету любой цаной", — падкрэсліў нямецкі спецыяліст.

Пытанне аб планах працы з беларускай зборнай пасля 2010 года Б.Штанге
назваў цяжкім, аднак зазначыў, што калі каманда не выходзіць у
фінальную частку турніру, "патрэбны новы трэнер", перадае БелаПАН.

Нагадаем, пасля восеньскага адрэзка кваліфікацыі ЧС-2010 становішча ў 6-й еўрапейскай адборачнай групе наступнае:

1.    Англія — 12 ачкоў (4 матчы),
2.    Харватыя — 7 (4),
3.    Украіна — 7 (3),
4.    Беларусь — 3 (3),
5.    Казахстан — 3 (4),
6.    Андора — 0 (4).