Берлусконі трапіць у Еўрапарламент па мальтыйскім ці балгарскім пашпарце?

Праз 100 дзён адбудуцца выбары ў Еўрапейскі парламент. У канцы мінулага года заходнія СМІ адзначалі, што перамогу ў іх могуць атрымаць “антыеўрапейскія” і правыя партыі.

“У нас дэмакратыя і плюралізм. Калі такія тэндэнцыі з’явіліся ўнутры розных еўрапейскіх краін, то яны мусяць рэалізавацца. Не сакрэт, што цяпер у ЕС свае вялікія праблемы, якіх не было 10-20 гадоў таму. З’явіліся трэшчыны ў структурах Еўрасаюза”, — нямецкі палітолаг Аляксандр Рар шукае прычыны папулярнасці, якую апошнім часам атрымалі правыя партыі, вядомыя сваёй скептычнасцю да ідэі аб’яднанай Еўропы.

Што тычыцца ўсходняй палітыкі Еўрасаюза, то, на думку эксперта, яе, магчыма, прыйдзецца карэктаваць, актыўней падключаючы да Усходняга Партнёрства Расію. Бо пакуль спробы адцягнуць Беларусь, Украіну ці Малдову з-пад яе ўплыву прыводзяць да канфрантацыі. Аляксандр Рар кажа, што новай стратэгіяй акурат і мог бы заняцца новаабраны парламент. І называе яшчэ адну прычыну правалу старой:

“У гэтых краінах, асабліва ў Азербайджане, Арменіі, Украіне і Беларусі менталітэт людзей адрозніваецца і, думаю, доўга будзе адрознівацца ад менталітэту, які быў у Польшчы і іншых ўсходнееўрапейскіх краінах у 1990-я гады, калі фактычна ўсё насельніцтва імкнулася ў ЕС”.

Беларускі палітолаг Алесь Лагвінец падводзіць вынікі працы дзеючага еўрапейскага парламента. Ён узгадвае прыняцце некалькіх рэзалюцый па Беларусі, узняцце пытанне палітвязняў і рэгулярныя сустрэчы еўрадэпутатаў з беларускай дэмакратычнай супольнасцю. Эксперт лічыць, што нават ва ўмовах крызісу пра Беларусь у Еўрасаюзе не забудуць.

Алесь Лагвінец: “Спадзяюся, што гэты парламент будзе больш уплываць на сумесныя ўстановы, Еўракамісію, каб падтрымка Беларусі ішла ў першую чаргу у бок сілаў, якія адназначна выказваюцца на карысць еўрапейскай інтэграцыі Беларусі”.

Цікава, што перад еўравыбарамі актывізаваўся і былы італьянскі прэм’ер Сільвіа Берлусконі, якога “выключылі” з палітыкі. Асуджанаму палітыку забаранілі на працягу шасці гадоў балатавацца на выбарах. Але, як пішуць італьянскія СМІ, Сільвіа Берлусконі можа трапіць у Еўрапарламент ад… Мальты ці Балгарыі. Толькі тады прыйдзецца прыняць грамадзянства гэтых краін. 

Фота: europahouse-tm.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі