БелГазета: Звычайнаму беларусу глабальны крызіс нічога добрага не нясе

Еўрарадыё пагартала старонкі друкаваных і Інтэрнет СМІ ў пошуках інфармацыі пра тое, як беларускае грамадства рэагуе на сусветны фінансавы крызіс.  Флагман афіцыйнай прэсы Беларусі, газета “Советская Белоруссия” засталася вернай сабе ў інтанацыях падачы матэрыялу нават на такую сур’ёзную тэму, як сусветны фінансавы крызіс. Аўтар публікацыі “Бизнес по системе Станиславского”, выконваючы ролю тэатральнага крытыка ад эканомікі, раіць кліентам заходніх банкаў не верыць у тое, што выдаткаваныя Кангрэсам ЗША 700 мільярдаў долараў на выратаванне амерыканскай фінансавай сістэмы прынясуць плён:

“Біржавыя індэксы паводзяць сябе як тэатральныя прымадоны, якім мала высокіх ганарараў. Для творчага ўзлёту ім неабходна яшчэ і гарачая любоў шараговага гледача, а яе акурат і няма. На ўсю перыпетыю фінансавай гульні, якую вядуць у апошнія дні самыя буйныя гульцы, нават такія, як Кангрэс ЗША і лідэры Еўрасаюза, шараговы спажывец па ўсім свеце адказвае: “Не веру!..”

Падзівіўшыся таму парадоксу, што сусветны крызіс невытлумачальным для “аналітыкаў “СБ” чынам падсілкоўвае валюту краіны, дзе крызіс і распачаўся, ды станоўча ўплывае на рост долара, акулы афіцыйнай журналістыкі парадаваліся незайздроснаму лёсу звольненых топ-менеджэраў банкаў. І павучальна адзначылі, што выратаванне — не ў мільярдах долараў, а ў ідэі. Якой, праўда, не падказалі. Але ў нас ведаюць, што ідэя — галоўная ва ўсім.

“Спыненне практыкі шчодрых кампенсацый звольненым топ-менеджэрам, якія давялі да банкруцтва сваіх укладчыкаў, безумоўна, — мера актуальная. Але наўрад ці гэта можна назваць новай эканамічнай ідэяй у сусветным маштабе, здольнай даць свежую кроў глабальнай эканоміцы. Без ідэі, як апынулася, і банкнот пераўтвараецца ў пустую паперку”.

Можа быць, журналісты “СБ”, на чале з галоўным рэдактарам гэтага выдання пасля крызісу і перастануць браць у рукі доларавыя банкноты, але прэзідэнт краіны з імі ў такім падыходзе да замежнай валюты не згодны. Больш за тое, ён занепакоены тым, што ад крызісу скароціцца продаж беларускіх тавараў на экспарт. І, адпаведна, зменшацца валютныя паступленні ў бюджэт. Гэтую занепакоенасць кіраўнік дзяржавы выказаў, як паведамляе БелаПАН, падчас наведвання 7 кастрычніка Камітэта дзяржбяспекі. І скарыстаўся магчымасцю з гэтай нагоды пахваліць сябе.

“Хачу задаць пытанне “свядомай” інтэлігенцыі. Хто меў рацыю: Лукашэнка са сваёй палітыкай абароны эканомікі і арыентацыі на нармальную мадэль развіцця альбо тыя дзеячы, якія называюць сябе “рыначнікамі”?” – задаў ён пытанне сілавікам.      

І нагадаў, што ў барацьбе з сусветным эканамічным крызісам павінен сваё грунтоўнае слова сказаць наш КДБ. Як павінны беларускія ўнукі “жалезнага Фелікса” супрацьстаяць эканамічнаму крызісу за межамі Беларусі, засталося па-за рамкамі сціплага паведамлення БелаПАН.

Калі прэзідэнт краіны спадзяецца не пусціць сусветны крызіс праз беларускую мяжу з дапамогай айчынных спецслужбаў і такім чынам уратаваць нашу эканоміку, то прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі выратаванне бачыць у сумесным беларуска-расійскім супраціве эканамічнаму вірусу з Захаду. А на выпадак, калі Расія не вельмі таго крызісу баіцца, нагадаў і іншыя падставы для стварэння такога альянсу.

“Беларускі бок лічыць, што змена сітуацыі, на што паўплываў шэраг фактараў, у тым ліку сусветны фінансавы крызіс, размяшчэнне аб’ектаў проціракетнай абароны ЗША ва Усходняй Еўропе, адыход ад прыярытэтаў уступлення РФ у СГА, патрабуе ад Беларусі і Расіі скаардынаваных дзеянняў. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Беларусі С.Сідорскі 6 кастрычніка на сустрэчы ў Мінску са старшынём ураду Расіі Уладзімірам Пуціным”, — паведамляе сайт “Беларускія навіны”.

У сувязі з гэтым, паведамляе сайт, Сідорскі прапанаваў Вышэйшаму дзяржаўнаму савету Саюзнай дзяржавы абмеркаваць 3 лістапада шэраг пытанняў. “Безумоўна, хацелася б, каб гэтыя пытанні насілі канкрэтны характар”, — папрасіў беларускі прэм’ер свайго расійскага калегу. Але калі прыгадваеш каштоўнасць зробленага за апошнія гады “Саюзнай дзяржавай”, дык больш надзейным сродкам у барацьбе з крызісам падаюцца спецслужбы.

Недзяржаўная прэса глядзіць на сусветны крызіс яшчэ больш песімістычна, чым афіцыйная. Так “Наша Ніва” папярэджвае, што крызіс ужо закрануў Беларусь.

“Золатавалютныя запасы Беларусі, разлічаныя паводле стандартаў МВФ, за верасень скараціліся на $460 млн. Па стане на 1 кастрычніка яны склалі $4 120 млн, паведамляе Нацыянальны банк Беларусі. Гэта першая статыстычная праява таго, што сусветны фінансавы крызіс здольны драматычным чынам закрануць Беларусь, у прыватнасці, яе фінансавы сектар”.

Эканаміст Яраслаў Раманчук са старонак “БелГазеты” папярэджвае, што сусветны крызіс адаб’ецца і на простых беларусах.

“Звычайнаму беларусу глабальны крызіс нічога добрага не нясе. Не застаецца надзейных інструментаў для зберажэння. Крэдытаванне хатніх гаспадарак захлынецца. Банкі пачнуць адчуваць дэфіцыт ліквіднасці. Яны будуць разрывацца паміж патрабаваннем забяспечыць крэдытныя рэсурсы для дзяржпрадпрыемстваў і стабільнасць рублёвых укладаў”.

Газета ж “Белорусы и рынок” наадварот сцвярджае, што сусветны крызіс абмінуў Беларусь бокам. А ўсё, піша Ірына Крыловіч, з-за “мінімальнай інтэграцыі беларускай эканамічнай мадэлі ў сусветную фінансавую сістэму”:

“Можа, так і трэба дзейнічаць: пакуль уласная фінансавая сістэма не набрала моцы, не трэба абцяжарваць яе фондавым рынкам, наборам не заўсёды зразумелых і празрыстых фінансавых інструментаў”.

Можа, яно і так. Але ні ў адной публікацыі Еўрарадыё так і не знайшло парад наконт таго, што ў сувязі з тым фінансавым крызісам ужо сёння рабіць шараговаму беларусу. Акрамя парады шчодра аплачаных з бюджэту журналістаў “СБ” ставіцца да валюты як да паперы. А можа, нічога і не трэба прадпрымаць? Усё само як-небудзь, з дапамогай спецслужб…


Фота — mediabistro.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі