Беларусы збіраюць подпісы за каранцін ва ўсіх школах, вучэльнях і ўніверсітэтах
На сайце petitions.by з'явілася петыцыя за ўвядзенне каранціну ва ўсіх навучальных установах Беларусі ў сувязі з распаўсюдам каранавіруса. Даслаць яе плануецца ў Мінздароўя і Мінадукацыі.
У петыцыі прапаноўваюцца наступныя меры па барацьбе з распаўсюдам захворвання:
1. Увесці абавязковае тэставанне на наяўнасць каранавіруса ўсіх студэнтаў, якія прыязджаюць з-за мяжы, і іх аднагрупнікаў, якія маглі кантактаваць з імі.
2. Устанавіць абавязковы 14-дзённы карантын для студэнтаў, якія прыбываюць з краін, у якіх склалася неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя па Covid-19.
3. Забараніць масавыя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі.
4. Перавесці ўсе ўстановы адукацыі на дыстанцыйнае навучанне да ліквідацыі неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі ў еўрапейскім рэгіёне — у прыватнасці, Італіі ды іншых краінах Заходняй Еўропы.
5. Рэгулярна праводзіць дэзінфекцыю інтэрнатаў, дзе пражываюць навучэнцы.
6. Забяспечыць студэнцкія ды іншыя інтэрнаты сродкамі асабістай гігіены і дэзінфекцыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
У петыцыі гаворыцца, што такія меры ўжо прынятыя ў суседніх краінах — напрыклад, Польшчы і Украіне.
Міністэрству адукацыі прапаноўваюць распрацаваць план па пераводзе ўсіх устаноў адукацыі на дыстанцыйнае навучанне ў тэрмiн не больш за 10 рабочых дзён.
Акрамя таго, у петыцыі прапаноўваюць звярнуць увагу на пажылых людзей — групу, найбольш падатную на заражэнне каранавірусам: "Таксама мы просім ўвесці дадатковыя меры па абароне пажылых людзей ад магчымага заражэння Covid-19. Зараз яны падарожнічаюць наземным транспартам, ходзяць у крамы, на рынкі і ў паліклінікі, праводзяць аплату і атрымліваюць пенсіі ў паштовых аддзяленнях — увогуле, рэгулярна наведваюць асноўныя месцы перадачы новага віруса па ўсім свеце. Гэта робіць іх неабароненымі і ставіць іх жыцці пад пагрозу".
Па стане на 11:20 13 сакавіка пад петыцыяй было больш за 2800 подпісаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.