Беларусы стварылі петыцыю на імя генпракурора Андрэя Шведа пад назвай "Патрабуем разблакаваць сайт Генпракуратуры для беларусаў за мяжой!" Гэта рэакцыя на стварэнне камісіі па вяртанні тых, хто з'ехаў з Беларусі. Каб пакаяцца і папрасіцца дадому, трэба падаць заяўку на сайце Генпракуратуры. Але яе сайт заблакаваны з Беларусі.
На думку Уладзіміра Кавалкіна, стваральніка платформы Petitions.by, дзе з'явіўся зварот, петыцыя падобная на тролінг. Яшчэ яна цікавая тым, што яе напісаў штучны інтэлект.
Еўрарадыё даведалася, што гаворыцца ў петыцыі і як на яе рэагуюць беларусы.
“Павысіць празрыстасць і справаздачнасць Генпракуратуры”

Здагадацца, што петыцыю напісаў не чалавек, бадай, вельмі складана. Вось яе частка:
— …Гэтая камісія адыгрывае важную ролю ў забеспячэнні бяспекі і дабрабыту нашых грамадзян, якія жадаюць вярнуцца ў Беларусь з-за мяжы.
Мы разумеем, што недаступнасць вэб-сайта Генпракуратуры з-за мяжы можа быць выклікана рознымі прычынамі... Аднак, незалежна ад прычыны, гэтая сітуацыя стварыла значны бар'ер для мяне і многіх іншых грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой і маюць патрэбу ў дапамозе.

Суразмоўца адзначае, што людзям гэтая тэма цікавая.
— Людзі ідуць, падпісваюць, людзям пацешна. Насамрэч петыцыя — яскравы прыклад эзопавай мовы, калі фармальна выдаецца афіцыйны тэкст, а паміж радкоў людзі дэманструюць сваё стаўленне да рэжыму Лукашэнкі такім чынам.
І гэта вельмі цікава выяўляе ўсю сутнасць беларускага дзяржкіравання. Калі замест рэальных спраў усе гэтыя палітыкі і так званыя чыноўнікі займаюцца прафанацыяй. Яны ствараюць нейкія камісіі, якія павінны працаваць, але цалкам забываюць, што іх сайты для людзей, якія павінны скарыстацца інфармацыяй, закрытыя. Людзі ў прынцыпе гэтым скарыстацца не могуць.
Уся гісторыя з вяртаннем на радзіму тых, хто нібыта памыліўся — выключна піяр-акцыя, каб выставіць Лукашэнку і яго чыноўнікаў у высакародным святле, упэўнены эксперт. Ці варта тады весціся і раскручваць гэтую тэму?
— На самой справе зразумела, што ні на якую сустрэчу людзям яны ісці не збіраюцца. Лішнім доказам з'яўляецца тое, што людзі, якія ў прынцыпе маглі б ім напісаць зварот або заяву, не могуць зайсці на сайт. Гэта значыць, яны гэтую ініцыятыву зрабілі выключна для сябе і для стварэння прапагандысцкага вобразу ў тэлевізары, а не для таго, каб гэта працавала ў рэальным жыцці.
Я бачу, што гэта абсалютна несур'ёзна. Людзі забаўляюцца, троляць ўладу, жартуюць на гэтую тэму. Не бачу да гэтага сур'ёзнага стаўлення. Людзям падабаецца падымаць сабе настрой жартамі і тролінгам, чаму не? — рэзюмуе Уладзімір Кавалкін.