Вы тут

Беларусы часцей губляюць на аблігацыях: што трэба ведаць і чаму будзе горш

Укладваць грошы варта, вывучыўшы звесткі пра работу эмітэнта / pexels.com

Беларускія кампаніі ўсё часцей не могуць разлічыцца па сваіх аблігацыях. За ўвесь 2020 год такіх выпадкаў было толькі тры, а да лістапада 2021 года Мінфін расказаў ужо пра 13 фактаў дрэнна выконваных абавязацельстваў або нядобрасумленнай эмісіі.

Еўрарадыё даведалася, што значаць нявыплаты і на што звярнуць увагу, калі вы надумалі ўкласціся ў аблігацыі.

 

"Дэфолтаў будзе больш"

Кампаніі часцей сталі шукаць фінансаванне з дапамогай аблігацый / Еўрарадыё

Праз пагаршэнне сітуацыі ў эканоміцы пакутуюць і фінансы кампаній, расказвае старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.

— Чым горшыя будуць справы ў эканоміцы, тым больш будзе праблем у прадпрыемстваў, незалежна ад таго, выпускаюць яны аблігацыі або не.

Часцей у нас прадпрыемствы фінансуюцца з дапамогай крэдытаў, адпаведна, праблемы прадпрыемстваў выліваюцца ў тое, што крэдыты горш абслугоўваюцца. Калі ў якасці альтэрнатывы або акрамя крэдытаў выпускаюцца аблігацыі, то праблемы ўжо будуць вылівацца ў дэфолт прадпрыемстваў.

Нявыплат становіцца больш і таму, што кампаніі сталі часцей прыцягваць фінансаванне з дапамогай аблігацый.

— Прычым расце размяшчэнне аблігацый для шырокага кола інвестараў. Ёсць шэраг спецыялізаваных фірмаў, якія дапамагаюць прадпрыемствам аблігацыі выпусціць, а інвестарам іх купіць. Гэта ўсё падаецца як перадавы фінтэх: купіць можна з камп'ютара, з тэлефона, без усялякіх хаджэнняў і гэтак далей.

З аднаго боку, гэта можна назваць развіццём рынку каштоўных папер. З другога — тут чыста матэматычны закон. Чым больш будзе такіх размяшчэнняў, тым больш будзе і дэфолтаў і, адпаведна, пацярпелых інвестараў.

Калі фінансавыя паказчыкі эмітэнта дрэнныя, лепш прытрымаць грошы / Еўрарадыё

Пакуль беларускі рынак каштоўных папер не вельмі вялікі. І эфект ад нявыплат можа быць толькі адзін — падвышэнне фінансавай адукаванасці патэнцыйных інвестараў у аблігацыі, адзначае аналітык.

— Аблігацыі часта падаваліся як новы фінансавы інструмент, альтэрнатыва ўкладам з большай прыбытковасцю, чым ва ўкладаў. Тут трэба памятаць два асноўныя адрозненні ад банкаўскіх укладаў.

Па-першае, няма ніякай гарантыі вяртання. Інвестар гэта купляе на свой страх і рызыку. Другі момант — раз банк гарантуе вяртанне, то навошта аналізаваць баланс банка? Выбіраюць той, дзе стаўка вышэйшая або аддзяленне да дома бліжэй. З аблігацыямі так нельга. Купляючы аблігацыі, трэба аналізаваць рызыкі. У тым ліку рызыкі дэфолту.

Для гэтага трэба ўмець чытаць баланс прадпрыемства, аналізаваць яго справаздачу аб прыбытках і стратах, ведаць планы па развіцці кампаніі і разумець, якія рызыкі гэтага прадпрыемства, яго галіны і эканомікі ў цэлым.

— Не разумеючы гэтага, купляць аблігацыі прадпрыемстваў не трэба. Чым больш будзе выпадкаў невыканання, тым больш зразумела будзе патэнцыйным інвестарам, што, не валодаючы прафесійнымі ведамі, самастойна лезці ў куплю аблігацый не варта, — робіць выснову эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.