Вы тут

Беларускія ўлады прызналі ўзлом сайта БелАЭС і Мінюста

За два гады хакеры больш за 750 разоў атакавалі беларускія сайты / Pexels, Tima Miroshnichenko

З 2020 года Аператыўна-аналітычны цэнтр (ААЦ) зафіксаваў 752 кіберінцыдэнты ў Беларусі, 513 з іх нанеслі шкоду. Такія лічбы назваў прадстаўнік ААЦ Яўген Ліплянін, перадае BPN.

Па яго словах, амаль ва ўсіх выпадках узлому інтэрнэт-сайтаў дзяржарганізацый удзельнічаў "унутраны парушальнік". Пры гэтым, дадаў прадстаўнік ААЦ, у гэтых сайтаў не было сістэм абароны, адміністратары не выконвалі заканадаўства. Яшчэ адной прычынай узлому сайта ён назваў "разгільдзяйства і халатнасць" адказных за інфармацыйную бяспеку.

Ліплянін расказаў, што хакеры ўзламалі сайты БелАЭС, Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі, Мінюста, Нацыянальнага архіва. А вось атаку ў сетцы "Беларуськалія" паспелі спыніць.

Дарэчы, самай заўважнай хакерскай атакай, мабыць, стаў сакавіцкі ўзлом сетак Беларускай чыгункі. Амаль два тыдні чыгунка не магла наладзіць продаж квіткоў анлайн і адрамантаваць унутраныя сеткі. У выніку давялося нават адчыніць 50 дадатковых чыгуначных кас.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.