Беларускія мастакі намалявалі Галакост і зрабілі выставу ў Польшчы (фота)

З 27 тысяч яўрэяў Піншчыны вярнуўся з вайны адзін чалавек. Магіл у загінулых у Галакосце няма. Таму мясцовая грамада папрасіла мастакоў увекавечыць іх памяць у карцінах.
Ідэя выставы “Трагедыя Галакосту” паўстала ў 2006 годзе, калі святкавалі 500-ю гадавіну пінскай яўрэйскай грамады. Прадстаўнікі яўрэйскай грамады папрасілі мастакоў з Пінску, Мінску і Янава намаляваць трагедыю яўрэйскага народа. Атрымалася 30 твораў, якія і выставілі ў галерэі польскага горада Бяла-Падляска. Горад гэты традыцыйна шматнацыянальны: тут спрадвеку жывуць палякі, беларусы, яўрэі, украінцы. Не заўсёды была паміж імі згода, таму выстава прыдалася, каб яшчэ раз падумаць пра адказнасць кожнага за гісторыю краіны.  

Каб праект не быў фармальным, краязнаўцы вазілі мастакоў на месцы масавых забойстваў яўрэяў на Піншчыне. Распавядалі пра трагедыя асобнага чалавека ў фашысцкім гета. Зладзілі некалькі плэнэраў. Мастакі здолелі праняцца цяжкай для мастацтва тэмай.

Краязнаўца Таццяна Хвагіна: “На Піншчыне падчас Другой Сусветнай вайны загінула больш за 27 тысяч яўрэяў. З перадваеннай яўрэйскай грамады ў Пінск вярнуўся толькі адзін чалавек — Хаім Красільскі. Ён у 1939 г., праз кардоны НКВД, здолеў збегчы ў СССР. Ён працаваў на ваенным заводзе ў Казахстане. Нягледзячы на цяжкую працу і жудасныя ўмовы, здолеў выжыць".

Мастак Яўген Шатохін зазначыў, што праца над карцінай была неверагоднай цяжкай: трэба было ўжыцца ў чужую трагедыю.

Выстава ўжо пабывала ў 6 гарадах Беларусі. Цяпер карціны паедуць па Польшчы — Бяла-Падляска, Варшава, Кракаў.

На адкрыцці выставы прысутнічалі афіцыйныя асобы: віцэ-консул Беларусі ў Бялай-Падлясцы Павал Ерын, генеральны консул Польшчы ў Брэсце Яраслаў Ксёнжак, мэр Бяла-Падляскі Тадэвуш Лазоўскі.

Генеральны консул Польшчы ў Брэсце Яраслаў Ксёнжак: “Людзі павінны ведаць пра Галакост, асабліва маладыя людзі. Па-другое, гэта выхаванне моладзі, каб яны паводзілі сябе ня так, як нашы продкі. Пра ўсе трагічныя абставіны Другой Сусветнай вайны. Па-першае, каб не паўтараць, бо ня ведаеш, што было — абавязкова паўторыш”.













Фота аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі