Беларускія біятланісткі сталі 13-мі ў эстафеце на этапе Кубка свету

Дынара Алімбекава / Reuters
Дынара Алімбекава / Reuters

Беларускія біятланісткі занялі 13-е месца ў эстафеце на этапе Кубка свету ў аўстрыйскім Хохфільцане. Па ходу дыстанцыі наша каманда не паднімалася вышэй за шостае месца.

Першай бегла Дынара Алімбекава. На двух агнявых рубяжах яна выкарыстала чатыры дадатковыя патроны і перадала эстафету 17-й. Ірына Крыўко, якая бегла другі этап, дзякуючы дакладнай стральбе і добраму тэмпу вывела нашу зборную на шостае месца.

Аднак развіць поспех не атрымалася. Ганна Сола на сваім этапе двойчы бегла штрафны круг і перадала эстафету 12-й. А Ірына Кручынкіна, хаця і страляла добра, але ішла па дыстанцыі павольна, у выніку саступіўшы саперніцам яшчэ адно месца.

Выйгралі эстаету нарвежскія біятланісткі, якія толькі на апошнім этапе здолелі апярэдзіць расіянак. Бронза дасталася зборнай Швейцарыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі