Беларускі рок у Дзень студэнта: харошага мала!(Фота)

Ты – студэнт і не трапіў на концык, прысвечаны Твайму святу ў “R-club”? Не адчайвайся! Павер, ты амаль нічога не згубіў! 17-га лістапада ўсё прагрэсіўнае студэнцтва адзначыла Дзень студэнта. З гэтай жа нагоды адгрымеў (па-сапраўднаму) канцэрт у мінскім “R-club”.  На працягу вечара на сцэну выйшлі 5 гуртоў, якія спрабавалі данесці святочным студэнтам сутнасць сваёй творчасці. На жаль, дзеля гэтага трэба было вельмі старацца, вылазіць са скуры, пацець і мацюкацца: апроч бочкі і часам трубы ў зале не было чуваць анічога! (Гукачы forever!)

Распачаўся канцэрт выступам маладога і не надта вядомага гурта Cukerka, узроставы склад якога здзівіў (вакалісту, на выгляд, гадоў 40, а гітарысту — 19!). Сцёб-рок у выкананні Cukerkі выглядаў надта сур’ёзна, можа таму і не натхніў студэнтаў на танцы!


Дарэчы, пра студэнтаў: мабыць нешта не так у нашым грамадстве, калі маладыя людзі прыходзяць у клуб(!) на рок-канцэрт(!) пазяхаючы пасядзець за столікам? Вядома, можна паставіць іншае пытанне: можа нешта не тое з беларускім рокам, калі моладзь прыходзіць на канцэрт сядзець і пазяхаць?

Першую думку (пра студэнтаў) падтрымаў Алесь Зайцаў – лідэр гурта Босае Сонца, які прыйшоў паназіраць за студэнцкім святам:

Алесь Зайцаў: “Мне здаецца, што не зусім усё добра ў студэнцтве беларускім, калі так студэнты святкуюць свой дзень. Усе нычкаюцца па цёмных кутах, хаваюцца за столікамі. Можа яшчэ вечар не раскачагарыўся, і сапраўднае святкаванне і весялосць пачнуцца пазней, але пакуль што нічога падобнага да свята не бачу”.

Другім на сцэне з’явіўся аркестр Гаротніца – гэткая маладая Серебряная Свадьба, толькі па-беларуску (праўда, з-за гуку не надта было чуваць, што музыкі спяваюць на роднай мове). Аркестр па-даросламу адыграў 40-хвілінны сэт, падчас якога музыкі гурта выскоквалі на танцпляц і танчылі рок-н-рол, тым самым спрабуючы раскачагарыць вечар і прымусіць абыякавых студэнтаў жыць.



Як аказалася, лідэры Гаротніцы – Андрусь Такінданг і Валерыя Валадзько ўпершыню адзначылі Дзень студэнта: дагэтуль нейк не даводзілася.

Андрусь Такінданг: “Справа ў тым, што гэта першы Дзень студэнта, які я святкую. Калі я быў студэнтам, а гэта было не так даўно, я не хадзіў на падобныя святы, таму што яны проста праміналі мяне. На вялікі жаль. Вось, сёння я даганяю, так бы мовіць, тое, што не здзейсніў у свае студэнтцкія гады”.

Валерыя Валадзько падтрымлівае калегу:

Валерыя Валадзько: “Я ніколі не спраўляла Дзень студэнта, таму што ўсе мае аднакурсніцы хадзілі на дыскатэкі. А я не вельмі гэта люблю. Я люблю на канцэрты жывыя хадзіць. Таму я не святкавала гэтае свята”.



Гурт Amaroka, які з’явіўся на сцэне пасля Гаротніцы, як ні дзіва, сабраў на танцполе некалькі калягламурных хлопцаў з чубамі, аднак пахваліцца мастацкімі складнікамі сваёй музыкі не здолеў: іх папросту няма!

Тым не менш, лідэр Amarokі падзяліўся з Еўрарадыё сваёй любімай гісторыяй са студэнцкіх часоў:

Amarokа: “Калі мы былі на практыцы на станцыі Заходняя Беразіна (я з геафака БДУ), мы з сябрамі ўзялі вечарам без дазволу лодку і паплылі ўніз па цячэнні. Было вельмі класна: плывеш па цячэнні, не трэба грэсці. Такім чынам мы адплылі 7 кіламетраў і зразумелі, што назад трэба неяк вяртацца! Спрабавалі грэсці супраць цячэння – не атрымалася. Давялося несці лодку на сабе 4 гадзіны. Вось такая гісторыя”.

Паступова людзі мякчэлі, рабіліся больш разняволенымі (добра пасядзелі за столікамі, мабыць) і пайшлі ў пляс. Магілёўскаму гурту Zatoczka, што прэзентаваў у Мінску свой новы альбом, пашанцавала: разагрэтыя маладзёны радасна танчылі панк, удзельнічалі ў розыгрышы альбома гурта і не звярталі ўвагу на лайновы гук.




Вакаліст Zatoczkі дэманстраваў свае дыджэйскія дадзеныя: “Гдзе дзевчёнкі, хоць адна? Желацельна та, каторая учітся хорошо! Чё, всё? Адні пацаны? Эй, ребята, мы решілі как бы альбом свой розыграть. Вот, відзіш, умнічька!”




Афішы абяцалі яшчэ сюрпрыз. Аднак вялікага сюрпрызу ад галоўных музычных сцябалаў Беларусі гурта Разбітае сэрца пацана гледачы таксама не атрымалі: замест паўнавартаснай каманды, на сцэне з’явілася яе артыстычная частка з Роландам, які выдаваў страшныя, гучныя і эстрадныя гукі. Здавалася, што Роланд (альбо гукі) гурт пазычыў у Ігара Лучанка. Але гэта яшчэ не ўсё. Бас-гітарыста свайго каманда адправіла ў ПАР, і прапусціла бас-гітару праз дысторшн. ААААААААААААААААА!

РСП: “Наш бас-гітарыст паехаў у ПАР. У Кейптаўн на рыбалку. Я гавару: “Дружышча, у нас канцэрт”. Гаварыт: “У меня рыбалка ў Кейптаўне. Ізвіні”.


Карацей, гучалі песні, танчыў дуэт ПМС, публіка, нарэшце (!) вар’яцела (мабыць, большасць прыйшла на РСП):

РСП: “Перад вамі на сэцне ансамбль яўрэйскай песні і пляскі “Разбітае сэрца пацана”. Как всігда, мы не можэм удзержацца ат прэкраснава на сцэне. Раньше ў нас была група танцэвальная з назвай ЭВМ, но іх прышлось уволіць. І сейчас эта група называецца ПМС – пост-мадэрністскія сучкі. Встречаем!”



P.S. Музыка не заўсёды ёсць мастацтва, хоць у ідэале хочацца, каб менавіта гэты фактар (музыка=мастацтва) стукаў па галаве тых, хто выходзіць на сцэну і лічыць сваю творчасць МУЗЫКАЙ. Нават у Дзень студэнта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі